Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З канца XVI веку і асабліва ў XVII сталецьці брацтвы пачынаюць пашыраць сваю працу, бяручы на сябе культурна-асьветныя і нацыянальныя заданьні. Пашырэньне братцваў пачалося ўжо з часоў рэформацыйнага руху на Беларусі. Ім прышлося дзеля абароны праваслаўнай веры зьвярнуць вялікую ўвагу на разьвіцьцё навукі, якая давала-б грунт для барацьбы з рэформацыйнымі тэорыямі. За рэформацыяй прышло на Беларусь узмацаванае, адроджанае каталіцтва з езуітамі на чале. Разам з каталіцтвам прышоў і нацыянальны польскі ўплыў. Былі ўтвораны дзьве вуніі (1569 і 1596 г.), каторыя накладвалі руку на незалежнасьць Беларусі. Перад магнацтвам, нездаволеным злучэньнем і брацтвамі, сталі ўрэшце нацыянальна-культурныя і політычныя заданьні. Трэба было абараняць Беларусь як самастойную адзінку, з сваім асобным нацыянальна-культурным тварам.

Найраней пачынае шырокую працу Львоўскае брацтва. За ім выступае на шлях шырокай грамадзянскай працы Віленскае брацтва. У XVII сталецьці вядомы брацтвы ў Магілеве, Воршы, Асьціславе, Слуцку, Менску, Полацку, Віцебску, Шклове, Крычаве і г. д. Найбольш брацтвы працуюць па гарадох, дзе сконцэнтраваліся культура і капітал. Майдэборскае права дае магчымасць для шырокай і бязупыннай організацыі брацтваў.

Сябром брацтва, апроч сяброў цэхаў, меў права быць усякі дарослы грамадзянін. У склад брацтваў, апроч мяшчан, уходзілі такім спосабам людзі і другіх станаў. Па вёсках сюды ўходзіла сялянства. Вельмі часта ў складзе і нават на чале брацтваў стаялі прадстаўнікі літоўска-беларускай магнатэрыі, якая была ў політычна-рэлігійнай опозыцыі да шляхты польскай і карыстала брацтвы для сваіх незалежніцкіх мэт. Юрыдычна сябры іх лічыліся роўнымі. На брацкіх сходах і за брацкім сталом радавіты шляхціц-магнат не павінен быў мець ніякіх прывілеяў параўнаўча з сябрамі, выходзячымі з ніжэйшых соцыяльных груп. Зразумела, што гэтая роўнасьць была формальнаю роўнасьцю, каторая зьнікала, калі справа пераходзіла ў жыцьцё. Заможнейшыя братчыкі былі апякунамі і рукаводнікамі ніжэйшых элемэнтаў брацтва, якія ад іх залежалі. Маючы на чале сваім опозыцыйную магнатэрыю, брацтвы маглі праз яе рабіць уплыў на сойм, маглі карыстаць з тых праў, якія давала дзяржава шляхціцам.