Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

торах замест манахаў запіраюць быдла. Пяройдзем у княства Літоўскае: там у прымежных з Маскоўскім гаспадарствам гарадох робіцца тое самае. У Магілеве і Воршы цэрквы запячатаны, сьвяшчэннікі разогнаны; у Пінску зроблена тое самае; кляштар Ляшчынскага перароблен у карчму». Далей прамоўца кажа, што людзі ўсходняга абраду ня маюць магчымасьці жыць у гарадох, купцы ня маюць права гандляваць, рамесьнікі ня маюць права запісвацца ў цэхі і г. д.

Як мы бачым з вышэйшага, рэлігійная барацьба была толькі выразам экономічнай барацьбы. Праваслаўных гандляроў, рамесьнікаў і г. д. білі па кішэні. Зразумела, што такія факты вызывалі абурэньне і легальны протэст сярод тых соцыяльных груповак, якія маглі гэта рабіць ці на пасяджэньнях сойму, ці другім спосабам, напрыклад, у брацтвах, аб якіх мы будзем гаварыць далей. Сойму прыходзілася тады рабіць уступкі.

Так, напрыклад, пры каранацыі караля Ўладзіслава IV (1632) сойм павінен быў выдаць так званыя артыкулы для замірэньня народу, на аснове каторых прызнавалася легальнаю праваслаўная вера і праваслаўная іерархія. Але гэтае легальнае палажэньне інаверцаў дысыдэнтаў, як іх тады называлі, ня было пэўным. Чым далей, тым усё больш і больш губіцца політычны розум сойму. Усё часьцей і часцей выдаюцца пастановы проціў дысыдэнтаў, каторыя карысны каталіком-шляхціцам, гандляром і рамесьнікам, але шкадлівы для гаспадарства.

У 1732 годзе была выдана, напрыклад, такая пастанова: «У людзей іншых вызнаньняў (дысыдэнтаў) адбіраецца права быць абранымі ў паслы на соймы, трыбуналы і ва ўсякія асобныя комісіі, што ўтвараюцца для якіх-колечы спраў. Правы іх раўнуюцца з правамі гэбрэяў. Сойм 1766 году ўхваліў пастанову караць сьмерцю тых, каторыя пяройдуць з каталіцтва ў другую веру. У 1766 годзе сойм ухваліў як закон такую пропозыцыю кракаўскага біскупа Солтыка: Абвяшчаюць ворагам гаспадарства кожнага, хто асьмеліцца сказаць на сойме прамову на карысьць інаверцаў».

Гонячыся за тымі экономічнымі, соцыяльнымі і політычнымі карысьцямі, якія ім сулілі каталіцтва і разам з ім польскасьць, і ня хочачы мець тых збыткаваньняў[1], якія былі зьвязаны з праваслаўем і беларускасьцю, шляхта літоўска-беларуская пачынае паступо-

  1. Збыткаваньняў — страт