Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ва пераходзіць у польска-каталіцкі лягер, кідаючы хутчэй і веру, і нацыянальнасьць. Шляхта выходзіць са складу беларускай народнасьці, каторая губіць разам з ёю і культурных сваіх прадстаўнікоў, бо культура ў тыя часы была даступна толькі вышэйшым станам. У складзе беларускае нацыі і на баку праваслаўнай веры застаюцца тыя слаі, каторым каталіцтва і польскасьць ня прыносіць ніякіх экономічна-політычных выгад, — гэта працоўныя масы народу, найчасьцей сялянства.

Разам з політычным і рэлігійным уплывам польскасьці, а таксама і асобна ад яго ішоў уплыў і культурна-нацыянальны. Беларуская шляхта, атрымаўшы політычныя правы і веру Польшчы, пачала пераймаць польскі лад жыцьця. Польскія звычаі і мова сталі яе ідэалам. Езуіты дзеля рэлігійных мэт закладалі польскія школы і друкавалі кнігі ў польскай мове. Пашыралася польская адукацыя і польская кніга. Разумеецца, гэтая польская «паліроўка» пашыралася толькі сярод тых грамадзянскіх станаў, каторыя даставалі шляхецкія «вольнасьці», каторыя вучыліся ў школах і чыталі кнігі, г. зн. сярод вышэйшых станаў Беларусі. Усё менш і менш аставалася беларускіх паноў, якія хавалі беларускія звычаі, культуру й мову. З цягам часу Беларусь амаль што ня ўсіх сваіх паноў аддала польскай народнасьці. Але доўга яшчэ ўрадаваю, дзяржаўнаю моваю на Літве і Беларусі была беларуская мова. Урэшце было скасавана і гэта. Сойм у 1697 годзе выдаў такую пастанову: «Pisarz powinen nie po rusku, a po polsku pisac». З гэтага ўсе законы і ўрадавыя пастановы робяцца па-польску. Беларуская культура, звычаі і мова засталіся толькі ў тых, каму было на да «бляску», не да «паліроўкі», — людзі вясковага мужычага стану і гарадзкія працоўныя нізы. Само сабой зразумела, што ў гэтых соцыяльных групах, паднявольных політычна і экономічна, ня было магчымасьці разьвінуць і пашырыць беларускую культуру. У курных хатах вёскі, у глыбокіх сутарэньнях гарадоў захавалася гэтая культура і мова і стала клясаваю культураю і моваю працоўных слаёў грамадзянства. Адсюль і бярэ свой пачатак такая назова, як «мужыцкая, хлопская мова».

Такім спосабам, Польшча з соцыяльнага боку прынесла нам уплыў панскі, з рэлігійнага боку — каталіцкі. Культурны і рэлігійны ўплыў пашоў толькі на вышэйшыя грамадзянскія клясы. Ніжэйшая кляса атрымала