Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ня мог. I ён стаў шукаць спосабаў пасыўнага протэсту. Адным з такіх спосабаў было ўцяканьне са сваёй бацькаўшчыны да казакоў на Украіну.

Пасьля рэлігійнай вуніі 1596 году каталіцтва на Беларусі было абвешчана дзяржаўнай верай, як у Польшчы. Каталіцтва давала права для заняцьця вышэйшых урадавых пасад у Літве і Беларусі. Рэформацыйны рух сярод паноў зьнік. Яго зьмяніла каталіцтва, каторае было для беларускай шляхты тым шляхам, каторы правадзіў да вышэйшых пасад і да злучэньня з польскаю шляхтаю. Калі адбылася царкоўная вунія, то ўсім стала ясна, што яна мела не рэлігійны, а політычны кірунак, што яна таксама была шляхам ня толькі для пашырэньня каталіцтва, але і польскага ўплыву. Рэлігійнае пытаньне зьлілося з пытаньнем політычным і нацыянальным, каталіцтва — з польскасьцю. I да нашага часу астаўся гэты шкадлівы перажытак, калі і цяпер мы часта можам бачыць, як зьмешваюцца два разуменьні: паляк і католік, рускі і праваслаўны. Ужо і ў тыя часы некаторыя з разумнейшых людзей разумелі ўсю неправіловасьць такога злучэньня пытаньняў рэлігійна-царкоўных з пытаньнямі політыка-нацыянальнымі. Такім быў, напрыклад, ксёндз Калінка, пісьменьнік таго часу. У прадмове да напісанага ім жыцьця сьв. Езафата ён піша: «I да цяперашніх часоў сярод каталіцкага духавенства рэдка спаткаеш чалавека, што шанаваў-бы абрад і нацыянальнасьць таго народу, сярод каторага ён працуе. Ім здаецца, што зрабіць чалавека італьлянцам або французам (а ў нас палякам) — гэта найлепшы спосаб навярнуць[1] яго. Гэта фальшывы погляд. Усе народы створаны богам, мілы богу, ды ўсе яны, ня трацячы свайго нацыянальнага пачуцьця, могуць прылучыцца да ўсясьветнай царквы. Хто аб гэтым забывае, той сабе і справе веры шкодзіць, бо сее паміж усходнімі народамі думку, быццам каталіцтва — гэта толькі спосаб да дэнацыяналізацыі іх».

На Беларусі пачынаецца гвалтоўнае пашырэньне вуніяцтва і каталіцтва. На гэтым вырастае шмат і злачынства. Валынскі чашнік, пасол сойму Лаўрык Дрэвінскі так апісвае ў сваёй прамове на сойме (1620 г.) рэлігійныя справы ў Рэчы Паспалітай: «Пачну з Кракава. Якое йдзе пашырэньне божай славы пры дапамозе новавыдуманай вуніі. Ужо ў вялікіх гарадох цэрквы запячатаны, царкоўныя маёнткі раскрадзены, у кляш-

  1. Навярнуць — прыцягнуць, далучыць