Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Цяпер мужыку стала яшчэ горш. На Беларусь прышла рэспубліка паноў, якіх нішто не магло ўстрымаць. Уся ўлада была ў іх руках. Яны мелі ў сваіх руках сойм, соймікі, караля, цэнтральную і мясцовую адміністрацыю і ўзброеную сілу. Іх «злота вольнасць» была цяжкай няволяй для гаротнага простага народу, каторы павінен быў карміць гэтую кіруючую клясу дармаедаў белай косьці, ня гледзячы на тое нават, што сам быў у цяжкім экономічным палажэньні. Поўная залежнасць ад пана, бязвыхадная беднасьць і нужда прыгняталі яго і рабілі яго ворагам таго соцыяльнага ўкладу, у якім ён знаходзіўся. Да гэтага трэба дадаць, што апроч пана мужык павінен быў на кожным кроку лічыцца і здавальняць загады панскай адміністрацыі, якая складалася з дробнай шляхты і нават простых людзей, каторыя былі прыбліжаны да асобы пана і былі выканаўцамі яго пажаданьняў экономічных і політычных. Гэтыя, як іх называў мужык, падпанкі былі ня менш шкадлівымі для мужыка, чым пан. Пана мужык рэдка калі бачыў, рэдка калі з ім спатыкаўся, і яго дзіцячаму мазгу здавалася, што падпанкі яшчэ шкадлівейшыя ад самага пана. Ня дарма і да нашага часу існуе сярод мужыкоў прыказка, што лепш мець справу з панам, чым з падпанкам. Так ці йначай, ясна адно, што мужыку ня было добра ні ад пана, ні ад падпанка, бо сутнасьць справы тая самая.

Залежнасьць мужыка ад пана выяўлялася ня толькі ў тым, што ён быў моцна прыкуты да панскай зямлі. Пан, апроч таго, захапіў у свае рукі і суд над сваімі падданымі. Стварылася гэта не адразу. Раней асобнымі соймавымі пастановамі ставіліся ўсякія перашкоды да таго, каб мужык мог стаяць у судзе як роўны з усімі грамадзянін гаспадарства. Паном даваліся правы судзіць мужыкоў па асабістых справах, фамільных і экономічна-грамадзянскіх. Але ўжо ў 1573 годзе быў выданы закон, каторы даваў пану права судзіць і накладаць кару на сваіх падданых ува ўсіх здарэньнях водлуг свайго ўласнага погляду. Гэты няясна выражаны закон разглядаўся панамі так, што ён даваў ім права накладаць на мужыкоў вышэйшыя кары, а ў тым ліку і кару сьмерці.

Адным словам, тая соцыяльная крыўда, якая ў гэты час была ў шляхецкай Польшчы, стала панаваць і ў Беларусі. Мужык ня мог знайсьці аніякай абароны ад пана. Змагацца з панам актыўна ён таксама яшчэ