Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на сваю работу лепшыя сілы на сваю творчасьць; тое самае рабіла каталіцтва, каторае вышла на барацьбу з рэформацыяй. Ударыла па праваслаўнай царкве і Люблінская вунія. Яна прынясла на Беларусь польскі дзяржаўны і соцыяльна-культурны ўплыў; праваслаўная царква была пастаўлена ў паніжанае палажэньне, бо дзяржаўнаю вераю польскага гаспадарства было каталіцтва. У той час, напрыклад, як каталіцкія біскупы мелі свае крэслы ў сэнаце, праваслаўныя біскупы іх ня мелі. Зразумела, што гэты факт даваў значныя правы каталіцкай іерархіі перад праваслаўнай.

Старажытнае права патронату (заступніцтва) сьвецкіх асоб і ўстаноў над царквою ў гэты момант было таксама шкадлівым для праваслаўнай царквы. Калі раней літоўска-беларускі вялікі князь, магнат, шляхціц ці гарадзкая грамада лічыліся патронамі, апякунамі, заступнікамі царквы, то гэта давала царкве пэўную абарону і экономічную моц, бо гэтыя патроны былі праваслаўныя. Яны, як верныя сыны царквы, клапаціліся аб тым, каб цэрквы мелі добрых сьвяшчэньнікаў, былі забясьпечаны правамі, будынкамі, землямі, грашыма і г. д. Але гэта мела і адваротны бок: патрон меў права ўмяшацца ў хатняе жыцьцё царквы. Гэта было шкодна, калі патрон з праваслаўнага рабіўся протэстантам ці каталіком. З цягам часу такія здарэньні рабіліся ўсё часьцей і часьцей. Часта рэформацыя рабіла патрона протэстантам, кальвіністым ці антытрынітарам, польска-каталіцкі ўплыў - паляком і каталіком. Разумеецца, такі патрон-інаверац ужо ня мог мець пашаны да праваслаўнай царкоўнай установы, а яшчэ часьцей ён рабіў ёй толькі шкоду. На чале праваслаўных епархій, манастыроў і цэркваў такі патрон ставіў асоб, карысных і прыемных яму людзей, каторыя бачылі ў сваіх пасадах ня духоўны абавязак, а «духоўны хлеб». Бывалі і такія здарэньні, што патроны давалі манашацкую пасаду асобе жанатай і сьвецкай. Гэтая асоба лічылася «нарэчаным» епіскапам ці ігуменам і кіравала пастваю праз так званага вікарыя-манаха, астаючыся ў мірскім стане. Пэўна, што патрабаваць ад такіх асоб духоўнай асьветы і набожнага жыцьця ня было магчыма. Усе памяткі таго часу сьведчаць аб недастойным і непадобным жыцьці духавенства вышэйшага і ніжэйшага, чорнага і белага. Адзін сучасны твор так малюе гэты недахват царкоўнага жыцьця таго часу: «Аще-ли кто вопрошает их