бачыў, што вунія прапануецца зусім для другой мэты, што яна ўтварае мост для пераходу з праваслаўя да каталіцтва.
З езуітаў, каторыя шмат працавалі над ідэяй вуніі, мы павінны адзначыць добра вядомага ў свой час каталіцкага тэолёга і прамоўцу, рэктара Віленскай езуіцкай школы, якая з 1579 году атрымала правы і назову акадэміі, Пятра Скаргу. Ён напісаў твор, каторы мае такі загаловак: «Аб еднасьці царквы божай і аб грэчаскім ад сей еднасьці адступленьні». У гэтым сваім творы ён апісвае недахваты ў царкоўным праваслаўным жыцьці Беларусі таго часу. Праваслаўныя сьвяшчэньнікі маюць жонку і сям’ю. Дзякуючы гэтаму яны павінны думаць і клапаціцца больш аб сваіх уласных справах, чым аб справах божай царквы. Яны загразьлі ў зямных жыцьцёвых інтарэсах, агрубелі і зрабіліся, як «хлопы». Набажэнства ў праваслаўнай царкве адпраўляецца ў мове славянскай, дзеля чаго сьвяшчэньнікі ня ведаюць грэцкай і лацінскай моў. Нязнаньне гэтых моў прыводзіць да таго, што яны ня могуць падыйсьці да навукі, бо навука выкладаецца только ў гэтых мовах. У жыцьцё праваслаўнай царквы на Беларусі ўмешваюцца асобы сьвецкія, якія не павінны мець ніякай датычнасьці да царкоўных спраў. Нават епіскапы і тыя папалі ў рукі сьвецкіх асоб. Каб зьніштожыць усе гэтыя недахваты, трэба зблізіць праваслаўную царкву з каталіцкай, зрабіўшы паміж імі вунію. Пры гэтым праваслаўная царква можа аставіць у сваім карыстаньні, як і раней, усходні абрад; яна павінна толькі прызнаць галавою ўсёй хрысьціянскай царквы хрыстовага намесьніка на зямлі — рымскага папу і прыняць догматычную навуку каталіцкай царквы.
Мы ня будзем разьбірацца ў багаслоўскіх поглядах Скаргі, тым больш, што ўсе гэтыя тонкія тэолёгічныя разважаньні былі толькі многаслоўнымі размовамі, пад каторымі і за каторымі крылася політычная мэта. Мы прыпынімся толькі над некаторымі фактамі жыцьця праваслаўнай царквы на Беларусі, каторыя закрануты ў творы Пятра Скаргі.
Справа ў тым, што праваслаўная царква на Беларусі знаходзілася ў тыя часы ў вельмі цяжкім становішчы. Сучаснае жыцьцё нанясло ёй тры ўдары. Адзін удар па царкве зрабіла рэформацыя, другі ўдар - каталіцтва і трэці ўдар - політыка-соцыяльны польскі ўплыў. Перш за ўсё рэформацыя адцягнула ад царквы