Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

(духоўных асоб) о книгах, то отвещают глаголющее: убози есьмы, не имамы чим книг стяжати. Ходят-же не яко убози, но ризы носящие светлы и блещащеся, расширающе воскрылья, шеи же яко у тельцов, на заколение упитанных; ученик много, паче-же поваров множество, а другая же стыд и глаголати».

Калі паднялося пытаньне аб вуніі, то такое палажэньне праваслаўнай царквы давала як-бы грунт для вуніі. Вунія абяцала даць вышэйшаму духавенству сэнатарскія крэслы; апроч таго, яна вымагала скасаваньня контролю сьвецкіх устаноў і асоб над царквою. І тым і другім вунія маніла да сябе прадстаўнікоў вышэйшага духавенства царквы. У 1591 годзе некаторыя з праваслаўных епіскапаў падалі каралю Зыгмунду заяву такога зьместу: «Мы, ніжэй падпісаныя епіскапы, хочам прызнаваць нашым главою і пастырам намесьніка сьв. Пятра, найсьвяцейшага папу рымскага, ад чаго мы чакаем павялічэньня божай славы ў яго сьвятой царкве. Але, жадаючы быць у паслушэнстве ў найсьвятшага айца-папы, мы хочам, каб нам былі астаўлены ўсе цэрэмоніі, набажэнствы і абрады, якія трымае здаўна наша сьвятая ўсходняя царква, і каб яго каралеўская міласьць забясьпечыў за намі сваімі граматамі вольнасьці і зацьвердзіў тыя артыкулы, якія намі будуць пададзены. А мы абавязуемся быць пад уладаю і благаславенствам айца-папы. Гэты ліст з уласна-ручным нашым подпісам і прылажэньнем пячатак далі мы старшаму нашаму брату, айцу Кірылу Цярлецкаму, эгзарху і епіскапу луцкаму і астроскаму». Заява была падпісана Кірылам еп. Луцкім, Лявонціем Пінскім, Гэдэонам Львоўскім, Дыонісам еп. Холмскім і Уладзімерскім епіскапам Іпатам Пацеем. Кіеўскі мітрополіт Міхаіл Рагаза таксама згаджаўся на вунію, але ўхіліўся ад подпісу заявы. Сьвятыя айцы падавалі заяву каралю ў сваіх уласных інтарэсах і ў політычных інтарэсах каралеўства. Абедзьве стараны разумелі добра ўзаемныя інтарэсы і падтрымлівалі адна другую. Трэба было правесьці гэтую справу праз Рым. Улетку 1595 году К. Цярлецкі і І. Пацей, падпісаўшы разам з другімі епіскапамі акт аб вуніі, паехалі з гэтым актам як прадстаўнікі да Рыму. Рымскі папа Клімэнт VIII з радасьцю прыняў пасланцоў і даў сваё благаславенства і згоду. На славу падзеі была выбіта мэдаль з надпісам: «на злучэньне рускіх» (Ruthenis receptis). Зыгмунд III з свайго боку выдаў дэкрэт аб