Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тамаша Мюнцэра, каторы ў Нямеччыне зрабіў рэформацыю пролетарска-мужыцкай справай, паставіўшы яе на соцыяльны грунт.

Усе гэтыя недахваты загубілі ў нас такі цікавы паступовы рух, як рэформацыя, і адчынілі дарогу для працы езуітаў і для клерыкальнага настрою грамадзянства ў Польшчы.

Мы ня будзем тут сачыць за гісторыяй ордэну езуітаў і рабіць характарыстыкі яго організацыі. Усё гэта добра вядома з агульнай гісторыі Заходняй Эўропы. Мы толькі зьвернем увагу на тое, што езуіцкі ордэн як організацыя ёсьць тыповая партыя нашага часу. Яна мела сваю програму максымум (божую славу на зямлі), сваю програму мінімум (пашырэньне каталіцтва і разам з ім улады папы), мела практычную, а не ідэалістычную мораль і этыку, якая дазваляла, нават прадпісвала, напрыклад, забойства, калі гэта вымагаецца мэтодамі організацыі: мэта апраўдвае сродкі. Да гэтага трэба дадаць чыста вайсковую дысцыпліну і добра пастаўленую консьпірацыю. Усе гэтыя факты рабілі ордэн моцнаю сілаю, каторая, дзе-б яна не зьявілася, пачынала рашуча і энэргічна сваю працу, якая насіла ня толькі рэлігійны, але і політычна-грамадзянскі характар. Так было і на Беларусі і ў Польшчы.

З Заходняй Эўропы езуітаў вызваў Віленскі каталіцкі біскуп Валерыян Пратасэвіч для барацьбы з рэформацыйным рухам. Езуітаў ня трэба было доўга запрашаць да працы. У 1569 годзе, якраз у час Люблінскай вуніі, невялічкі гурток езуітаў, у пяць чалавек, ужо пачаў сваю працу ў Вільні. Гурток быў добра падабраны. Усё гэта былі людзі разумныя, вучоныя, добрыя прамоўцы, энэргічныя і стройна організованыя. Раней за ўсё трэба было ім захапіць у свае рукі політыку. Для гэтай мэты яны ўвайшлі ў палацы заможнага панства як духоўнікі, як дарадчыкі, як дамовыя настаўнікі. Узяўшы ў рукі сумленьне магнатаў і робячы ўплыў на іх розум, яны атрымалі магчымасьць мець уплыў і на політыку. Апроч таго, узяўшы ў рукі магнатаў і панства, езуіты атрымалі магчымасьць здабыць і матэрыяльную, экономічную забясьпеку на сваю працу. Забясьпечыўшы свой політычны ўплыў і экономічнае палажэньне, ордэн прыняўся за народныя масы. Сярод народнай масы найлепшы матэрыял для ўплыву складае моладзь. З яе павінны былі пачаць сваю працу і езуіты. Хутка ў Вільні езуіты заснавалі сваю школу,