Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

так званы колегіум. Закранутае рэформацыйным рухам грамадзянства спачатку ня пускала сваіх дзяцей у каталіцкі колегіум, але езуіты ня спынялі працу, хоць ува ўсёй школе ў іх было толькі 15 вучняў. Адукацыйная справа, добра наладжаная, здольныя настаўнікі, добрыя адносіны да вучняў - усё гэта гаварыла само за сябе. Да гэтага трэба дадаць, што школа езуітаў была бясплатнай. Слава школы пачала расьці, пачаў расьці і лік вучняў. Цяпер езуіты сьмела маглі адчыняць свае школы і ў другіх мясцох. Праз нейкі час мы бачым езуіцкія колегіумы ў такіх гарадох, як Полацак, Смаленск, Нясьвіж, Мсьціслаў, Віцебск, Менск, Орша, Магілёў і г. д. Школа зрабіла сваю справу добра. Дзеці шчырых працаўнікоў рэформацыі і праваслаўя сталі шчырымі каталікамі. Прыкладаў ёсьць шмат. Чатыры сыны Мікалая Радзівіла Чорнага пад уплывам езуіцкай адукацыі прынялі каталіцтва. Адзін з іх прыняў нават сан і зрабіўся, пасьля сьмерці Валерыяна Пратасэвіча, віленскім біскупам. Другі сын, Мікалай, празваны Сіроткаю, затраціў 5 000 чырвонцаў на тое, каб знайсьці кнігі Бібліі, каторую выдаў яго бацька, і спаліць іх рукою ката. Тое самае было і ў фаміліі вядомага абаронцы і заступніка праваслаўнай веры, Канстантына князя Астроскага. Яго сыны перашлі ў каталіцтва, а ўнучка для пашырэньня каталіцтва ўжо крыўдзіла тых, каму дапамагаў і за каго заступаўся яе дзед.

Робячы ўплыў на моладзь, езуіты не забыліся і пра шырокія масы грамадзянства. Там яны працавалі праз школу, тут праз царкву. Ужо ў 1572 годзе езуіты атрымалі для свайго набажэнства касьцёл сьв. Яна ў Вільні. Шмат грошай затрацілі яны, каб гэты касьцёл рабіў уражаньне на масы. Быў пастаўлен выдатны орга́н, заведзена выдатная музыка і сьпевы. Народ вялікаю грамадою паваліў да новага касьцёлу і даў слухачоў для езуіцкіх казаньняў. Хутка езуіцкімі касьцёламі і кляштарамі пакрылася ня толькі Польшча, але й Беларусь. Абноўленае і ўзмоцненае езуітамі каталіцтва пачало выціскаць лютаранства, кальвінізм, унітарства і іншыя сэкты. Вышэйшыя станы беларускага грамадзянства, зацягнутыя раней у рэформацыйны рух, цяпер пераходзілі ў каталіцтва. У пачатку XVII сталецьця протэстанцтва і кальвінізм асталіся сярод мяшчан, але і тут былі частыя адходы ў каталіцтва. Вядома, што, напрыклад, у Вільні праз 5 год ад пры-