Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лі кальвінізму. Прыняў кальвінскую веру і сам Радзівіл, за ім пацягнулася і акалічная, залежная ад яго высокай пасады і вялікай маемасьці шляхта. У Польшчу, Літву і Беларусь уцякалі людзі вольнага настрою рэлігійнай мысьлі, каторых гналі з другіх краёў. У 1555 годзе з Італіі ўцёк у Кракаў Лелій Соцін, каторы не прызнаваў тройчасьці бажаства. Яго рэлігійныя погляды, вядомыя пад назваю соцыніянства, антытрынітарства і унітарызму, з Кракава хутка сталі пераходзіць і на Беларусь. У 1554 годзе павінен быў пакінуць сваю бацькаўшчыну, Маскву, Феадос Касы са сваімі аднамысьленьнікамі. Ен, як і Соцін, але зусім незалежна ад яго, таксама вучыў аб ядыным бажастве. У пачатку ён працуе ў Віцебшчыне, потым пераяжджае ў Вільню. Усе сучасьнікі гавораць, што гэта быў чалавек вялікай энэргіі і розуму і быў надта добрым пропагандыстаю сваёй рэлігійнай навукі. Заслаўль Менскага павету і Любач Наваградзкага павету ў сваіх друкарнях працавалі над выданьнем кніжок антытрынітарскага, унітарскага кірунку.

Трэба зазначыць, што рэформацыйны рух у Польшчы, Літве і Беларусі ня меў усё-ж такі пад сабою моцнага грунту. Ен меў у сабе такія недахваты, каторыя рабілі яму вялікую шкоду. Перш за ўсё ён не даваў ядынай рэлігійнай тэорыі: ён распадаўся на мноства самых розных непадобных адна на другую сэкт. Такіх сэкт можна было ў час налічыць больш 70. І кожная з гэтых сэкт лічыла праўдзівай толькі адну сябе і змагалася з другімі сэктамі. А гэта было якраз у той час, калі заняпаўшае раней каталіцтва зноў паднялося на ногі, лічыла і організавала свае сілы на Трыдэнцкім саборы, і калі яно аб’ядналася і высунула такіх моцных, энергічных і практычных працаўнікоў на карысьць папства і царквы, як езуіты.

Апроч таго, рэформацыйны рух як у Польшчы, так і на Беларусі ня быў рухам шырокім і глыбокім. Ен ня спусьціўся ў працоўныя народныя нізы, не абурыў іх розуму і пачуцьця, не падняў там востра і рашуча політычных і соцыяльных пытаньняў. Ен лёгка закрануў розум, і толькі розум шляхецкага і верхне-мяшчанскага стану. Рабочыя нізы гораду асталіся з боку і не ўвайшлі ў рух. Мужык таго часу таксама не цікавіў ня толькі протэстантаў-паноў, але нават і тых рэформацыйных дзеячоў, каторыя тут працавалі. Ен таксама астаўся з боку. Беларусь і Польшча не атрымалі свайго