Старонка:Каравайчык.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

напісаных Купалаю пры пачатку вайны («Склік», стар. 31). але наогул пачатак вайны адбіўся ў яго творах трывожным чаканьнем чагось страшнага і невядомага, якім тагды быў напоўнен наш край. Хутка пасьля гэтага ён ужо рашуча асуждае вайну («1914-ты», «Вясна 1915», ст. 36-38).

«1914-ты» сустракае суровы дакор поэта за тoe, што:

«Не забіваці-ты стрывожыў права,
На сэрца і душу наклікаў цьму,
Людзей на зьвераў пошасьцяй крывавай
Ператварыў і здаў насьледніку свайму».

Дзеля гэтата поэта з горачу прадсказвае «1914-му»:

«Касьцьлявай зморан з гібелі сталецьцяў
Ты, як пракляцьце, будзеш вызіраць.
І будзе маці страшыць табой дзеці,
Ды клікаць той, хто ўздумае ўміраць».

Aлe нават у такі момант поэта верыць у прыход лепшых часаў:

«Аж прыйдзе іншы год з рукою лёгкай
Агледзіны рабіці новых дзён.
Дзе меч нявідзімага Бога-Рока
Напіша бескрывавы свой закон.

Гэтаю ацэнкаю вайны Я. Купала выгадна вызначаецца ад хэўры ўра-патрыотаў у сваім часе, а цяперашніх «інтэрнацыяналістаў».

У другім аддзеле спіжкі ёсьць вельмі наіўныя насьледаваньні Кальцоўскім песьням. Зьвяртаю на іх увагу дзеля таго, што падобныя вершы далі повад аднаму з прафэсароў Менскага Дзяржаўнага Унівэрсытэту на ўрачыстым сьвяткаваньні юбілею Купалы далікатна назваць яго беларускім Кальцовым толькі слабейшым. Аб абсурднасьці такой думкі ня прыходзіцца гаварыць, хоць-бы дзеля аднаго таго, што на Купалаўскай творчасьці апрача Кальцова можна прасьлядзіць уплывы Сыракомлі, Канапніцкай, Някрасава, нават Надсана, не гаворачы ўжо аб пунктах сваяцтва Купалы з навейшымі поэтамі. Ніводная літаратура ня жыве цяпер асобным, зусім самастойным жыцьцем. Гэта бязумоўна справядліва і аб нашай маладой літаратуры; але творчасьць кожнага больш-менш значнага поэты складаюцца з уласных элементаў плюс рознастароньнія ўплывы другіх поэтаў. Так што нізвадзіць Купалу да Кальцова №2 можа толькі профэсарскае нявуцтва.

Справа, як відаць, можа быць растлумачана проста. Многія людзі, незнаёмыя з беларускай літаратураю і беларускім жыцьцём, судзяць аб Купале па зборніку яго вершаў у перакладах расейскіх поэтаў. Незалежна ад таго, што гэты зборнічак тэматычна не ахапляе ўсіх бакоў творчасьці Купалы, ― трэба мець яшчэ на ўвазе вось што: вершы Купалы з першай палавіны яго творчасьці вызначаюцца інтуіцыйнай напеўнасьцю рытму пры прымітыўным зьмесьце; зьмест у іх ня толькі разварачвае які сюжэт, сколькі праз свае вобразы ў сьвязку з рытмам мае на мэце ўзбудзіць у нас пэўныя эмоцыі. Такія вершы цяжка паддаюцца перакладу і звычайна трацяць пры гэтым большую часьць свае вартасьці, якую яны мелі ў арыгінале. Так сама здарылася і з Купалаўскімі вершамі, і той хто судзіць аб Купале па гэтых перакладах, хай зараней ведае, што яго вывады будуць неправідловымі.

Найбольшую мастацкую вартасьць з усяе кніжкі маюць вершы, што пападаюцца ў ІІІ, ІV-м і V аддзелах, гдзе мэты чыстага мастацтва пануючы над прыкладнымі дамешкамі. Першым з іх зьяўляецца першы верш у ІІІ аддзеле «Млечны шлях». Звычайна у Купалы блізка што да ўсякага anісаньня прыроды далучаюцца грамадзянскія думкі. Верш чыніць на нас дваякі уплыў―і эстэтычны і грамадзянскі, і быць можа, справу можна разглядаць так, што грамадзянскія ўчуцьці бываюць галоўным, апісаньне