Старонка:Каравайчык.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прыроды—толькі фонам, аправаю. Зусім ня тое ў першых вершах III-га разьдзелу: яны ня маюць ніякіх грамадзянскіх думак і зьяўляюцца чыстым мастацтвам высокай пробы.

Другі верш з гэтага разьдзелу «Званы» вельмі цікавы з тэхнічнага боку: даведзенай да найвышэйшай ступені інструмэнтоўкай гукаў. Альлітарацыі й гукавыя паўторы пападаюцца ў вершах Купалы вельмі часта, мілагучнасьць яго вершаў шмат залежыць ад іх, але пры звычайным чытаньні, калі ўвага компэтэнтнага чытара не зьвяртаецца спэцыяльна на іх, то яны ня відаць. Тут-жа гэтая інструмэнтоўка гукаў адразу кідаецца ў вочы кожнаму чытару:

«Гудуць званы, з дня ў дзень гудуць мядзяныя званы,
Як стогн, гук-водгульле гучыць мальбою жудзі,
Дрыжыць званіцы мур сьцюдзены, цагляны,
Дрыжыць званар, надорваныя рвучы грудзі».

Поэты даволі часта задаваліся заданьнем падрабіць у вершах розныя гукі жывой прыроды. Найбольш вядомы і звычайны цяпер імітацыі шуму лесу праз альлітарацыі і паўторы шыпячых. Таксама прыцягваў увагу поэтаў і звон. Шмат каму вядомы, напр., такія радкі расейскага поэты Сяргея Гарадзецкага:

«Стоны-звоны, перезвоны,
Звоны-стоны, звоны-сны,
Хороши крутые склоны,
Крутосклоны зелены».

Галоўную ўвагу мае тут паўтор гуку «н», які ў зьвязку з рытмам і паўторам «з» і «с» дае ільлюзію вясёлага веснавога перазвону.

Іначай пабудован верш Купалы і дае зусім другое ўражаньне. Паўторам у Купалы захоплен большы лік гукаў. Паўтор гукау «н», «з», «д» і «г» дае імітацыю званоў, якая праз дамешку «д» і «г» у зьвязку з рытмам ахварбоўваецца ў мрочны, патаемны колёрыт; а паўтор гукаў «ж», «ц» і «р» у другой палове чатырохрадкоўкі малюе мур сьцяны, яго дрыжаньне ад магутных званоў і маласільнасьць званара перад такімі грамадамі.

Так сама нельга не заўважыць другога такога вершу, дзе гукавая інструмэнтоўка з другараднага, часта нават несьвядомага мастацкага сродку, робіцца галоўным. Гэта верш «Сьмейся» (стар. 90). Дзеля прыкладу выпісваем тут дзьве страфы з яго:

Сьмейся сьмехам, сычэньнем праз скрогат
Перадсьмертны зубоў і расьсейся
Ў гразь жыцьця, ў пекла Дантава рогaт!
Каб аж косьці ўстрасаў дзікі дрогат.
На пацеху сьляпой дзічы, сьмейся!
................
Сьмейся сьмехам-скавытам вядзьмячым,
У віхровым пасьвісьце разьвейся
І над сьветам разьюшаным, сьпячым,
Над жывымі трупамі і плачам
Ты лунай, вочы рві сабе… й сьмейся!

Але зноў такі, трэба не забывацца, што апрача гэтых прыкладаў, дзе паўтарэньне гукаў вылазіць наверх, як сьвядомы мастацкі сродак (і адзін з галоўных), у Я. Купалы ёсьць вялікае багацьце гукавой інструмэнтоўкі наогул, гукавыя паўторы розных тыпаў. Але гэтая старана яго творчасьці яшчэ чакае сваіх дасьледчыкаў. У нас яшчэ зусім няма ні крытыкі, ні крытыкаў. А вядома з другіх літаратур, што грунтоўныя досьледы фармальнай стараны твораў позіі (мэтрыкі, эўфоніі, вобразнасьці―як мастацкага сродку і г. д.) зьяўляюцца вельмі позна, ужо пасьля таго, зьмест будзе зжован і перажован на ўсе лады.

У трэцьцім-жа разьдзеле зьмешчана некалькі сонетаў Купалы, якія сьведчаць аб усё большым і большым праніканьні поэты ў сэнс гэтай поэтыцкай формы.

Верш «На вуліцы» (стр. 87) такcaмa вельмі цікавы з боку тэхнікі.