Старонка:Каравайчык.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дарамі у наша поэзіі, і нават тыя поэты, якім палітычна-адраджэнцкія кірункі творчасьці былі чужымі (як напр., Багдановіч), складалі ім дань.

Цяпер-жа адраджэнцкая хваля ўжо настолька шырока заліла наш край, што адраджэнцтва ў літаратуры ўжо зьяўляецца перажыткам, яно аджывае свой век; адраджэнцкія вершы ўжо не захапляюць нас, бо тая вера, якую яны павінны разбудзіць у нас, ужо моцна сядзіць у нашым сэрцы; нам хочацца чагось новага. Мы ўжо ня будзем захапляцца тымі творамі Я. Купалы, годзе ён пытаецца: хто такія беларусы—ці людзі, ці скаціна; або тымі, гдзе ён выказвае жаданьне беларусаў «людзьмі звацца»; або тымі, дзе ён усьлед за Багушэвічам даводзіць, што беларуская мова ― ня толькі мужычая, але й такая людзкая, як і ўсякая іншая. Усе гэтыя пытаньні для нас ужо разьвязаны. Мы цяпер цьвёрда ведаем, што мы ― людзі, што мы ня горшыя за другіх людзей; што наша мова―ня мужыцкая толькі, але й наогул такая-ж добрая, як і іншыя. Цяпер мы самі ведаем па паўдзесятку, а то й па дзесятку чужых моваў і аднака ня цураемся свае роднае, разумеем яе хараство. Дзеля гэтага адраджэнцкія матывы ў вышэйпаказаным сэнсе для нас ужо аджылі свой век. Мы іх болей не патрабуем. Пэўна-ж, на пэрыфэрыі адраджэнцкага руху (а такая пэрыфэрыя ёсьць і яшчэ доўга не прападзе) творы з адраджэнцкім зьместам яшчэ доўга ня страцяць свае беспасрэднае вартасьці і ўплыву.

Адраджэнцкія матывы ў «Спадчыне» вельмі сходны з такімі-ж матывамі «Шляхам Жыцьця». Далей поэта не пайшоў, бо далей, мусіць, і йсьці-то некуды. «Шляхам жыцьця»―вяршына разьвіцьця беларускай адраджэнцкай ідэолёгіі ня толькі Я. Купалы, але й наогул. Тая нездаволенасьць цяперашнім і тая безнадзейнасьць, што так яскрава выяўлены ў малюнку пустой, балотнай дарогі на вокладцы «Шляхам жыцьця». ― пануюць і ў «Спадчыне»:

«Як мы жывём, чаго чакаем,
Ня знаем мы, ня знае сьвет;
Ніто ўжо мром, ні то ўскрасаем,
Змагчы ня ў сілах мук і бед».

Гэтая пакойная безнадзейнасьць рэзка кантрастуе з выкрыкамі «маладых» і «пралятарскіх» поэтаў, якія зьявіліся-былі ў нас у апошнім часе. Пэўна-ж, кожнаму з нас хацелася-б, каб нашы поэты пелі радасныя гымны радаснаму жыцьцю. Але гэтага пакуль што няма, і да тых пор, пакуль наша жыцьцё ня зьменіцца, радасных песень мы не пачуем, бо песьня родзіцца з жыцьця.

Беспрасьветная сучаснасьць і пачуцьцё бязьсільнасьці свае і свайго народу застаўляюць поэта зьвяртацца да найвышэйшай сьветавой улады―да Бога. Яшчэ ў канцы 1912 году поэта зьвяртаецца да Бога з натхнёнай малітвай-вершам, поўнай горкіх скаргаў і дакораў. Гэтая «ода» «Цару Неба й Зямлі» (стар. 40), гэты ў істоце сваей абвініцельны акт проціў Яго, належыць да наймацнейшых вершаў Купалы, і ня толькі Купалы, але і ўсяе беларускае поэзіі, і ня толькі ўсяе беларускае паэзіі, але таксама й сьветавой поэзіі.

Сярод другіх вершаў першага аддзелу кніжкі зьвяртаюць на сябе ўвагу «Моладзі» і «Песьні вайны». Верш «Моладзі» друкаваўся ў аднэй з першых кніжак часопісі «Лучынка», якая пачала была выходзіць у канцы 1913 і пачатку 1914 году, прысьвячоная спецыяльна моладзі беларускай.

З пачаткам вайны 1914 году пад гістарычныя выкрыкі нацыянал-шавіністаў нават некаторыя значныя поэты, што цяпер сьпяваюць у Маскве гымны акцябраўскай рэвалюцыі і камунізму, —настроіліся-былі на ўра-патрыотычны лад і «пелі» аб Басфоры, Константынопалю і т. д. Зусім іначай адбілася вайна ў творах Купалы. Толькі на момант затуманілася яго прытомнасьць адвечнай пакорлівасьцю беларускага хлопка. Кажуць ісьца ― трэба ісьці, кажуць забіваць―трэба забіваць» ― вось сэнс аднаго з вершаў