Старонка:Каравайчык.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

КРЫТЫКА І КНІГАПІС.

1. Янка Купала. СПАДЧЫНА. Беларускае Коопэрацыйнае Выдавецтва «Адраджэньне». Менск 1922, іn ⅛°, cтp. 221.

Цэлых дзевяць год прайшло ад гаго часу, як выйшаў апошні зборнік Я. Купалы: «Шляхам жыцьця». І вось цяпер, пасьля доўгага перарыву, калі так зьмяніўся сьвет, зьмяніліся людзі й акалічнасьці нашага жыцьця, выходзіць кніжка вершаў нашага любімага песьняра, чыё імя неразрыўна зьвязана з беларускім рухам, беларускім адраджэньнем. Хапаешся за кніжку, гартаеш яе і ўрэшце—застаешся трохі расчараваны: усё пастарому! І толькі праз некаторы час, пераглядуючы зноў гэтую кніжку, бачыш, што ня ўсё тут старое. Ёсьць і новае.

У зборніку зьмешчаны вершы з розных часаў Купалаўскай творчасьці, пачынаючы ад эпохі яго першых спроб (1906 г.) і аж да 1919 году ўключна. З ранейшага пэрыаду творчасьці Я. Купалы зьмешчаны вершы, дзеля тых ці другіх прычын не ўвайшоўшыя ў ранейшыя зборнікі яго твораў. Дзеля гэтага, у «Спадчыну» папала шмат такіх вершаў, якія звычайна астаўляюцца да поўнага «Збору твораў». У такіх варунках кніжка нейкага ядынага, цалкавітага ўражаньня ня робіць, ні з боку мастацкага, ні з боку ідэолёгічнага. Побач з вершамі высокай вартасьці ёсьць вершы зусім слабыя па зьместу й форме.

Калі параўнаваць «Спадчыну» з ранейшымі зборнікамі, а так-сама ў гэтым адным зборніку вершы ранейшыя й пазьнейшыя, то мы заўважым, што вершы з ранейшых часаў характэрны цеплатой свайго ўчуцьця, лірычным пад’ёмам, напеўнасьцю вершу і яго блізкасьцю да песьні. Вершы-ж пазьнейшых часаў маюць больш спакойны характар і вызначаюцца сьвядомым мастацтвам формы. Поэта ужо ня проста бярэ ўсё, што нахлыне ў душу, а робіць сьвядома-мастацкі выбар і ў тэмах і ў спосабах іх anpaцоўкі.

Характэрным у гэтым сэнсе зьяўяецца самы першы верш, пачынаючы кнігу і даўшы ёй навву—«Спадчына»:

«Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына,
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай».

Тэма вершу старая, тыпічная для Купалы—каханьне да роднай старонкі,—але тут мы бачым такую апрацоўку тэмы, што яна адцясьняе на задні плян самую тэму. Тут мы бачым нават зухаваньне багатымі рыфмамі. Ранейшымі вершамі поэта ставіў сваім заданьнем будзіць у нас тыя ці іншыя ўчуцьці, адпавядаючыя яго ўласным; тут апрача гэтага і нават перш за гэта.―даецца эстэтычна-гастранамічнае задаваленьне. Мы ня столькі наядаемся, сколькі пагурманску смакуем страву.

Адраджэнцкія-ж матывы, якімі напоўнена кніжка, узятыя самы па сабе, ужо не захапляюць нас так, як захаплялі раней. Адраджэнцкія матывы да апошняга часу былі поўнымі гаспа-