Сысой. Гэта я іх, таварыш, прывёў у настаяшчае паразуменьне, давёў, што і да чаго… дык цяпер яны з намі — нічога!
Станіслаў (да Сысоя). Вядзі сюды арыштаваных.
Сысой (да казака і тэкінца). За мной, марш!
ЗЬЯВА XII
Тыя-ж, Манюня
Манюня. Тата! Татачка!
Доктар. Манюня, ты тут?
Манюня. Страшна было і… добра… усё кончылася!
Доктар. Нэрвы. Ну супакойся. Дзе Соня?
Манюня. Соф‘я Пятроўна ўвесь час была з імі, там.
Доктар. Значыць, арыштаваная, — гэта добра, а то я думаў…
Станіслаў. Ваша жонка, доктар?
Доктар. Так.
Станіслаў. Зараз выпусьцім. Дзе-ж таварыш Барыка? Ён тут быў?
Манюня. Так, ён тут быў… Пабег у горад, на тэлеграф… Цікавіцца, як Гатчына.
Станіслаў. Так, Керанскі захапіў Гатчыну.
Доктар. Кажуць, у яго казачы корпус…
Станіслаў. У яго штаб казачага корпусу, ды не казакі.
Доктар. Хаця праўда!
Станіслаў. Ну трэба зараз-жа прыняць інвэнтар маёнтку „Ліпкі“, трэба адразу паказаць прыклад!
(Вядуць арыштаваных).
Софі. Андрэй, Андрэй, мяне арыштавалі, што, перажыла, Андрэй!
Доктар. Не адна ты, Соня!
Станіслаў (да Барэновіча). Ваш сваяк, доктар, бярэ вас на парукі, як і ўсю вашую сям‘ю…
Барэновіч. У мяне няма сям‘і! Нічога няма! Усё скончана! Самае большае, што вы мне можаце пакінуць жыцьцё!
Доктар. Гэта ня мала, Васіль.
Барэновіч. Для цябе! У мяне няма маёнтку, няма сына… (Плача).