Перайсці да зместу

Старонка:Каля тэрасы (1929).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Генадзі. Які жах! Які жах! Яны ідуць на нас з голаду, з гразі, а мы. Няўжо нам…

Барэновіч. Замаўчы. Замаўчы! Ты гатоў сам усё аддаць ім. Я не магу болей выносіць твайго сьвятоцтва! Ніколя праў — ты… ты… ідыёт!

Генадзі. Я… што-ж… можа і праўда…

Барэновіч. Ты сын мой, ці не?

Генадзі (ціха). А Танічка?

Барэновіч. Як ты адважыўся напомніць мне. (Ударае Генадзія па твары. З саду голас Матруны: „Ня біся!“).

Барэновіч. Што? Хто там? Там нехта ў садзе, ты чуў?

Генадзі. Там чырвонае лісьце… сыплецца…

Барэновіч. Я пагарачыўся, даруй, Генадзі!

Генадзі. Ды нічога… вы ня больна… толькі… (Ціха плача).

ЗЬЯВА IV
Тыя ж і Софі

Софі. Ніводнай фурманкі, Васілі Генадзевіч! Прышлося так, а ў мяне бацінкі… думала памру!

Барэновіч. А дзе Андрэй, вы адна?

Софі. Ах, божа! Андрэй! Андрэй з імі, з таварышамі!

Барэновіч. Што яны там? Што яны кажуць?

Софі. Што кажуць! Зьбіраюцца організаваць у вас, у „Ліпках“, школу-комуну!

Барэновіч. Што?! Нячуванае нахальства! Яны вераць, ідыёты, што бальшавіцкае паўстаньне ў Петраградзе пераможа! А Масква? А Дон? А ўся Расія? Я так спадзяваўся на Андрэя, а ён… Коля, Коля, дзе ты? Я вар‘яцею!

Софі. Я кінула іх там і пайшла да вас, дзе мяне лепш разумеюць. Праўда, Генадзі?

Генадзі. Усё дзіўна, усё дзіўна!

Софі. Андрэй цікавіўся, дзе Манюня. Яна тут?

Генадзі. Манюня? Манюні я ня бачыў у нас з таго моманту, як вынесьлі цела… нашай… нашай сястрыцы Танічкі…

Барэновіч. Маўчы, Генадзі! У мяне няма нікога, апрача Ніколя! Запрагаць, запрагаць коні! (Зьнікае).

Софі. Я не магу забыцца на тое нашае спатканьне!

Генадзі. Я… цяпер… мне трэба вучыцца запрагаць коні.