Софі. Нікуды ты не паедзеш, мой хлопчык! Пойдзем туды… там столькі лісьця…
Генадзі. Чырвонага лісьця… яно шаволіцца пад нагамі… Мне страшна.
Софі. Мы будзем таптаць яго, таптаць. (Вабіць яго; праз нейкі момант крык).
Софі (бяжыць назад). Там нехта ляжыць пад лісьцем. Цела, цела!
Генадзі. Я казаў, я казаў! (Абое бягуць на тэрасу).
ЗЬЯВА V
Тэкінец, Сысой
Тэкінец. Какой-та жэншчын напугал, на меня наступал!
Сысой. Ха-ха-ха! Ну, і чудак ты азіяцкі, брацішка! Вось што, адыйдзі крыху далей, туды ў кусты.
Тэкінец. Удырал?
Сысой. Ды не! Навошта табе ўцякаць! Лажысь там, далей і ляжы!
ЗЬЯВА VI
Сысой, Манюня
Манюня (шпарка). Таварыш Сысой, вы тут?
Сысой. Мы тут, вартуем… Таварыш Барыка… сказаў…
Манюня. Вось што, таварыш Сысой! Бярэце яго і за мной во сюдэю, — трэба адну рэч вынесьці.
Сысой. З дому?
Манюня. Так. Праз вакно. Хутчэй. (Вядзе іх у бок дому, не праз тэрасу).
ЗЬЯВА VII
Прахайла, Раіса (з рэчамі)
Прахайла. Калі Барэновічы ўжо ўцяклі, што я буду рабіць? Куды ўцякаць? Да каго?
Рая. Мікола Васілевіч казаў мне, што хутка вернецца сюды…
Прахайла (дражнячы). Мікола Васілевіч ёй казаў! Да ў яго такіх як ты — во колькі! Ты адна думаеш?
Рая. Ня сьмейце! Коля мне прызнаўся, што… што любіць мяне, — а вы…