ДЗЕЯ ЧАЦЬВЕРТАЯ
Сцэна, што і ў першай дзеі. Уся дзея ідзе жвава.
ЗЬЯВА I
Сысой, Матруна, сяляне
Сысой. Гэта-ж уцёк разам з Карнілавым! Во ён які!
Селянін. Каторы?
Матруна. Каторы? Мікалай, капітан!
Сысой. Ну, дык таварыш Барыка загадаў ня пускаць нікога з паноў з фальварку, пакуль яны там, значыцца бальшавікі, у горадзе пасправяцца.
Селянін. Гэта-ж, кажуць, у Петраградзе што робіцца!
Сысой. Што! Што трэба, то і робіцца: Керанскага выгналі, уцёк кудысь, а ўладу забралі рабочыя, матросы і…
Селянін. Словам, буржуазеі крышка.
Матруна. Цішэй вы, — пачуюць, паўцякаюць!
Сысой. Куды дзенуцца! Вось што, бабы, хлопцы, — у кусты і ляжы, не варушыся!
Селянін. Каб-жа ўлетку, а то…
Сысой. А ты лістом прыкрыйся, яшчэ лепей! Ну, хадзем. (Хаваюцца).
ЗЬЯВА II
Два тэкінцы.
Першы. Нам сказал: страляй мужык! А сам удырал — нэ харашо!
Другі. Какой началства? Ныкакой началства!
Першы. Сам удырал — не началства!
Сысой (выскаквае). Хадзі сюды! Давай вінтоўкі, — так! Кінжалы сабе пакінь.
Першы. Нэ будэш сэкім башка?
Сысой. Ды не! На чорта мне твая башка! Дык вы ў нас страляць наняліся? Ах вы сучыя пляменьнікі!