Рая. Ах, што вы, Мікола Васілевіч. Я…
Мікола. Што? Ты? Пляменьніца ты? Ах, ты, Раічка, пухленькая Раічка! Не, ня ты пляменьніца! Вашая новая пляменьніца, цёця Соня, завецца Тацяна.
Софі. Тацяна? Якая там яшчэ Тацяна? Вечна выдумае нешта Ніколя.
Мікола. Хай выдумаў! Так, гэта я выдумаў! Усё, усё! І фронт, і палковы камітэт, і кузіну Манюню, і Танічку, і матроса з „Аўроры“. Усё! Ну, пі, Райка, і цалуй мяне!
Софі. Ніколя!
ЗЬЯВА VIII
Усе ранейшыя (з бакавых дзьвярэй)
Барэновіч. Што-ж ты ня ідзеш, Ніколя? Чакалі, чакалі цябе… нда…
Іона (да Прахайлы). Нічога ня зробіш: вока за вока.
Прахайла. 3 папраўкай цяпер трэба: за вока — два вока, за зуб — цэлая сківіца! Падумаць! Шапка без какарды, плечы без наплечных знакаў, адстаўка бяз мундзіру і пэнсіі і з адной Райкай на шыі!
Рая. Зусім я ня ў вас на шыі, папаша!
Вася. Прычым тут шыя?
Афіцэр. Всё харашо, — снова віно і снова жэншчыны.
Вася. „Вэйн, швэйн унд кірхэ“, як кажуць немцы, гаспадзін паручнік!
Іона. Ты нешта, Вася, наблытаў з нямецкім, а?
Софі. Немцы кажуць: вэйн, вэйб унд лідэ — віно, жанчына і песьня.
Іона. Чуеш, Вася!
Вася. Сэмінарыя, самі аддалі мяне туды!
Афіцэр. Канечна вэйн! Што такое? Віно! Кто там іграет? Марш? Может быць Манюня? Аа! Харашо… Ала-вэрды. (Ідзе да дзьвярэй, якія замкнуты).
Афіцэр. Какая предусмотрытэльнасьць атнасытэльна двэрэй! Проста нэ вэрыцца, што барышня, проста дамачка!
Мікола. Кіньце, паручнік! (Галасы з саду ўсё мацней).
Барэновіч. Ніколя! Мы гаспадары тут, ці не? Калі гэта скончыцца?
Мікола. Тады, калі або яны запануюць тут, або мы зноў, — там!