Генадзі. Не магу прыняць усяго гэтага, не магу! Для мяне ясна: быць пасыўным болей моральна і болей адпавядае хрысьціянству.
Усе (да яго).Як? Жывымі ў труну лезьці?
Зьнікнуць са сьвету?
Закапацца ў зямлю?
(Генадзі адыходзіць на балькон).
Мікола (усьлед). Талстовец, клікуша! Непраціўленьне злу! Толькі хвалёная расійская літаратура магла выхаваць такія экзэмплярчыкі, як мой брацец!
Барэновіч. Ты праў, Ніколя. Нда! Але ўсё-ж, крыху рэзкаваты… нда…
Іона. Ну, Вася, прыдзецца табе падняць меч!
Мікола. Усё павінна быць мобілізавана!
Барэновіч. Радзянка піша: „Немцы пагражаюць Піцеру. Я не пашкадую гораду анархіі“… нда!
Прахайла. Правільна! Вось хто інапляменьнікі, рэволюцыянэры, бунтаўшчыкі! Дык гэта Радзянка піша? Малайчына! Адумаўся, негадзяй, скінуўшы гасудара! Усе яны адумаюцца, ды позна!
Мікола. Ня каркайце, гаспадзін іспраўнік! Трэба вера ў сябе!
ЗЬЯВА V
Генадзі (з балькону)
Генадзі. Манюня сюды ідзе.
Усе. Манюня? Сюды? Адна?
Генадзі. Не адна — і матрос з ёю.
Усе. Хто? Матрос?
Мікола. Барыка!
Барэновіч. Ах, белыя нагавіцы! Грубы чалавек, можа высьмеяць!
Прахайла. Ого! Гэта-б яшчэ нічога!
Мікола. Што за глупства! Што такое матрос Барыка ў нас у доме? Вы зьдзіцянелі ўсе!
Барэновіч. Манюня нда… так выхавана, што можа і бальшавіка ў залю прывесьці… нда… Проша! (Выходзіць. Афіцэр напявае „ала-вэрда“. Застаюцца Мікола і Генадзі ў розных кутох залі).