Перайсці да зместу

Старонка:Каля тэрасы (1929).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тую. Кайся інтэлігенцыя, кайся! І вяльможы такжа! Ці прыходзіў хто з паноў да мяне спавядацца? Да іншага віна, прычасьця, ці прыкладаў вусны свае? Рэдка, рэдка!

Барэновіч. Айцец Іона кажа, як прарок! Мы забыліся на царкву, на веру продкаў нашых, нда!

Софі. Васілі Генадзевіч, вы мне казалі, што продкі вашыя французы, вера ў іх… каталіцкая.

Барэновіч. Я? Нда, нда… канечна…

Іона. Царква хрыстова адзіна, — католічаская, кафолічаская — гэта знача сусьветная! Усход і Захад аб—яднаюцца, будзе час!

Барэновіч. Так, так! Цяпер, калі здарылася з намі вялікая бяда, у часы, страшна сказаць, — рэволюцыі… хто ведае. Можа революцыя — кара за вольнадумства, лібэралізм, і нда, інда…

Афіцэр (ціха напявае). Ала… вэрда…

а. Іона (заўважыўшы сына). І ты тут, блудны сын мой, Васілі?

Вася. Вы маглі-б успомніць іншую прытчу, айцец мой!

а. Іона. Мне лепей знацца ў прытчах: гэта мой фронт. А ты… во за кім ідзі! (Паказвае на Міколу).

Вася. Я і іду за гаспадзінам капітанам.

Афіцэр. Вып‘ем, бацюшка. Пажалуста!

а. Іона. Суета сует… Ну, за… каго? За страждушчых і плененных.

Афіцэр. За пленных — харашо! Кто папался в плен, харашо. (Хватае руку Софі).

Генадзі. Азіяты — гарачы народ, але прычым тут жанчыны?

Афіцэр. Жэншчыны тожа гарачы народ…

Софі. Ну, кіньце! Сядайце там. Яшчэ далей!

а. Іона. Прышлося адступіць перад дамай, гаспадзін афіцэр. Бывае. Я удовы, — і то не бяда! Бяда ў іншым: пачаткі згублены. Пачынаеш — „благачасьцівейшага, самадзяржаўнейшага“ — крышка, няма!.. „Яшчэ молімся о благовернем“… няма! Пачаткі згублены! Зьбіваешся ў маленьні і нялоўка перад парафіянамі!

Афіцэр. Бацюшка, аб воінах нужна тэпэр маліцца, что-бы вайна харашо кончылась, пабедай над полнымі врагамі.

Рая. Над поўнымі врагамі!