Афіцэр. Апределеніе давольна точнае: да ног, ніжа некуда!
Софі. Рая, вы адчуваеце сябе добра?
Рая. Я? Мне бяз вас, Соф‘я Пятроўна, было страшна: адны мужчыны…
Мікола. І пры тым, — ад галавы да ног, Раічка, праўда? (Цалуе яе).
ЗЬЯВА III
Тыя-ж, Барэновіч і Прахайла
Барэновіч. Ніколя, вы піруеце, банкетуеце, я нічога ня маю супраць, я таксама быў малады… але… але… нда… час! Наш час! Ты сам гаварыў аб актыўнасьці… Мы сабраліся…
Афіцэр. Гаспадын капітан дастатачна актыўны…
Мікола. Бяз жартаў, гаспадзін паручнік! Папаша, я добра памятую аб галоўным нашым заданьні, — організацыі ўсіх актыўных сіл дзяржаўнага парадку.
Барэновіч. Ннда, парадку! Раней за ўсё!
Прахайла. Так-с, парадку! Хто цяпер пільнуе парадак? Калісь, яшчэ да рэволюцыі…
Мікола. Гэта было ўсяго 7 месяцаў назад.
Прахайла. А мне здаецца, — прайшлі гады, дзесяткі гадоў, стагодзьдзі — вось што робіць рэволюцыя!
Рая. Ня трэба было служыць у паліцыі, папаша!
Прахайла. Дазвольце, а дзе-ж служыць? Кім служыць? Тады-ж яшчэ быў гасудар імпэратар… вот дурачка маміна!
Рая. Вы маму нябожчыцу пакіньце! А служылі-б матросам, а то рабочым!
Мікола. Ха-ха! Ды вы комік, Раічка. (Да Прахайлы). Дазвольце першы раз дакрануцца да ручкі вашае райскае Раічкі!
Прахайла. Дакранайцеся, Мікола Васілевіч, калі ласка. Я… я што? — Адстаўка. (Усхліпвае).
Афіцэр. Што вы? Гаспадын адстаўной, успакойтесь! Кахэтынскага нужна выпіць, січас праходыт… (Дае віна).
Вася. Нічога, гаспада… tempora tempantur, то есть mutantur, прабачайце, уся сэмінарская латынь з галавы вылецела… на фронце… часы мяняюцца, усё верціцца і цячэ, як казаў філёзоф…