Мікола. Што? Заўтра тут у мяне будзе стаяць аддзел тэкінцаў, тады памітынгуйце без дазволу!
Барыка. Аа! Дык вось як! Дык вось які вы член палкавога камітэту, прадстаўнік салдат? Добра-ж!
Мікола. Сягодня ў гумне, заўтра ў залі? Ды гэта маё, маё, разумееш ты гэта?
Барыка (спакойна). Яно будзе маё, вось наша, усіх, — але я не ірытуюся так за гэтае дабро.
Мікола. Нахал! Санкюлот. Я… я…
Барыка. Ты, ты!
Мікола (хапаючыся за рэвольвэр, ідзе за Барыкам. З другога боку Манюня).
Манюня. Кузэн Мікола, Кузэн Мікола! Куды?
Мікола (вярнуўшыся). Аа, вы, кузіна Манюня?
Манюня. Там ідзе… матрос… вы за ім?
Мікола. Так. Мы пагаварылі, і я забыўся яму нешта перадаць на памяць…
Манюня. На памяць? Вы?
Мікола. На добрую памяць аб капітане Барэновічу…
Манюня. Мне здаецца, то вы... Ну, мы, калі хочаце, і без таго пакінем па сабе „добрую“ памяць.
Мікола. Вы захоплены ім, Манюня, гэта сур‘ёзна?
Манюня. Я яшчэ ім не захоплена, кузэн Мікола… Але думаю, што яны, такія матросы, і наогул „яны“ захопяць хутка ўсіх нас!
Мікола. Мяне не захопяць, будзьце надзейны. (Гуляеццаі з рэвольверам).
Манюня (глядзечы ў бок, дзе Барыка). Чаго баяцца рэволюцыі, хаця б самай жудаснай?
Мікола. Ну, ну! Далей, Манюня!
Манюня. Ну, пажар. Усё згарэла, — дом, нават рояль… а сонца, а неба — застануцца? А возера — таксама?
Мікола. І матрос Барыка застанецца! Ха-ха!
Манюня. Чаму вы такі злосны, кузэн? Яшчэ малады. Злымі маюць права быць толькі старыя.
Мікола. Стары ня той, хто жыве, а той, хто сябе перажывае…
Манюня. Вы правы, кузэн…