Пігельскі. Сялянства прымае нашую програму…
Станіслаў. І мы яе прымаем у частцы, што датычыцца зямлі…
Сысой. Правільна!
Галасы:
— Мы згаджаемся! Гэта правільна!
— Адабраць панскую зямлю!
— Конфіскацыя, значыцца, жывога
і мёртвага інвентару.
— Значыцца, коні, каровы, сьвіньні…
— А мёртвы? Які гэта мёртвы інвентар!
— Машыны — дурны!
— Аа! Правільна. Конфіскацыя?
— А каму?
— Ды нам, беднякам!
Сысой. Далоў вайну! Мір без анэксіі і контрыбуцыі! Бяз іх, бяз іх. На чорта яны нам. Свой Сібір ёсьць (Жвава праходзіць).
Барыка (да Матруны). Матруна, можа пройдзеш у двор, Тацяну паклічаш?
Матруна. Тацяну? А праўда, чаму-ж гэта яна ня прышла на мітынг…
Барыка. Ня прышла. Дык паклічаш?
Матруна. Добра, паклічу. (Зьнікае).
ЗЬЯВА XI
Барыка, Тацяна
Барыка. Тацяна!
Тацяна. Ня хочу, ня хочу цябе!
Барыка. Тацяначка, што з табой?
Тацяна. Ідзі да Манюні! (Махае безнадзейна рукой).
Барыка. Тацяначка! (Парываецца за ёй).
ЗЬЯВА XII
Барыка, Мікола, Манюня
Мікола. Намітынгаваліся, таварыш матрос?
Барыка. Дзеля вашай асалоды, гаспадзін капітан! Чаму-ж вы ня прышлі?
Мікола. На фронце, дзякуй богу, мітынгі ўжо забаронены. Хутка будзе і тут…
Барыка. Не дачакаецеся, пане капітане!