Тацяна. Навошта вы мне, навошта мне хто… Я так… Чуеце? у вашай сырабойні галасы…
Мікола. Рэволюцыя, Танечка, што? Вы-ж спачуваеце рэволюцыі, Танечка, так?
Тацяна. Нам зараз нібы вальней… надзей болей, але грунту усё-ж няма: каб стаць… каб пад нагамі адчуць…
Мікола. Танечка, Танечка, божа-ж мой, якія мы разумныя! Чудесна! Далібог, вас варта было-б у савет рабочых і дэзэртырскіх… прабачайце… салдацкіх дэпутатаў…
Тацяна. Мікола Андрэевіч, я чула, нібы вы ў такім камітэце, што супраць народу?
Мікола. Хто вам гаварыў — гэта цікава… Праўда, хто вам гаварыў?
Тацяна (як-бы ня хочучы). Пётра гаварыў… ды іншыя… Ды што? Я і сама бачу: як вы сказалі пра салдат. Вы іх ня любіце, вы афіцэр, капітан, вядома…
Мікола. Лганьнё, Тацяна! Матроскае лганьнё! Нідзе ані ў якой арміі ня было такой мяккай дысцыпліны, як у нашай, рускай. Мы, афіцэры, з салдатамі жылі, як браты. Лганьнё форменнае!
Тацяна. А ваш дзяншчык? Хіба я ня чула, як вы лаялі яго? А як ударылі яго па твары… А? Як браты?
Мікола. Усё бывае, Танечка! Бывае і брату дасі па твары, Танечка! Было, было, цяпер ня тое, Танечка. Я не рэакцыянэр, я прыхільнік рэволюцыі, — выбралі-ж мяне ў палкавы камітэт.
Тацяна. Во пра гэты камітэт і казаў…
Мікола. Матрос Пётра Барыка! Кінем яго… можа ен пасвойму і правы!.. А ты скажы: яны хочуць далей падзяліць панскую зямлю, далей і коні, і каровы, і авечкі, і дываны, і рояль таксама, іначай кажучы, — пабіць, парэзаць, зьнішчыць усё!
Тацяна. Ня можа таго быць!
Мікола. Гэта ёсьць, Танечка! Такая програма крайніх соцыялістых, бальшавікоў. Далей усё агульнае: і ежа, і пітво і жонкі, і каханкі… Сягоньня адна, заўтра другая, — каханьня няма… Ну, а як без каханьня, Танечка? Жыць няцікава, Танечка!
Тацяна. Без каханьня?