Софі. Дзядзя Андрэй занадта заклапочаны, каб цікавіцца намі.
Генадзі. Ой!
Софі. Ты — Іосіф прэкрасны! (Цалуе яго).
Генадзі. Ой!
Софі (вабіць яго ўглыб). Туды, мой хлопчык! (Зьнікаюць, Софі абнімае яго).
(Праходзяць бабы і Матруна)
Першая. Сьвет пераварочваецца, Таічка! Айцец Іона казаў: не даруе бог, што цара скінулі.
Матруна. А што было рабіць? Колькі народу набілі на гэтай вайне. Але-ж і цяпер усё ваююць… Во ўжо трэці месяц, як ад майго брата ліста няма. А Сысой кажа: дармо! Цара скінулі — мала! Трэба, каа, Керанскага разам з буржуазеяй… Каа…
Першая. З панамі, значыцца…
Матруна. Тут ужо ўсе разам…
Першая. Сьвет пераварочваецца, ды годзі! А якога енярала прывезьлі ў наш горад, Карнейчыкам… завецца…
Матруна. Ды не Карнейчыкам, а Карнілавым!
Першая. Мо‘ і Карнілавым, хто яго ведае! Чула, Таічка, матрос гэты, што да вас ходзіць, да паненкі Манюні Барэновіч заляцаецца.
Матруна. Брэшуць бабы!
Баба. Ты пачакай! Кажуць, нават, што ён… (Шэпча ёй на вуха).
Матруна. Тфу! Брахня!
Баба. Ты пачакай тфукаць! Сама мо‘ такая!
Матруна. Што? Брахуха ты!
Баба. Тфу! Каб мае вочы цябе ня бачылі! Каб мае ногі да цябе ня ступалі. Каб… (Праходзяць).
ЗЬЯВА VIII
(Тацяна падслухала апошнія словы)
Тацяна. Што, няўжо?
ЗЬЯВА IX
Тацяна, Мікола
Мікола. Танечка! Адна?
Тацяна. З кім мне быць?
Мікола. З кім? Хацеў-бы я, каб або ні з кім, або… Са мной толькі, Танечка!..