Перайсці да зместу

Старонка:Каля тэрасы (1929).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА VI
Барэновіч, Генадзі, Прахайла

Барэновіч. Дзе Ніколя? Чорт ведае што такое? Чуеце? У маім гумне, разумееце, у маім гумне — мітынг! Дзе Ніколя? Ах, вы тут, гаспадзін… ээ… павятовы камісар.

Лапцэвіч. Я тут, грамадзянін Барэновіч.

Барэновіч. Як-жа вы дапускаеце.

Лапцэвіч. Я — бясьсільны…

Генадзі. Не хвалюйцеся, папаша! Што такое гумно? Нашае гумно?

Барэновіч. Што? Ты бязвольны чалавек! Табе скажуць, што на аснове ўсеагульнага, тайнага і яўнага, прыкрытага раскрытага і прочая і прочая… Ах, я сам ня ведаю, што я кажу! Дзе Ніколя?

Прахайла. Ваша прэвасхадзіцельства!

Барэновіч. Хто цяпер прэвасхадзіцельства! Дзе цяпер прэвасхадзіцельства? (У бок Лапцэвіча). Февралістыя пазьнімалі з нас чыны і ордэны!

Прахайла. Зусім справядліва, вашаство! Пазьнімалі!

Лапцэвіч (пакрыўджана да Прахайлы). Вы, вы гаспадзін былы іспраўнік, былі-б удзячны за тое, што з вас пазьнімалі толькі ордэны! Прыдуць пасьля нас — вунь хто (паказвае ў бок гумна) і пазьнімуць…

Барэновіч і Прахайла (разам). Галовы?

Лапцэвіч. Так, галовы, калі вы ня будзеце падтрымліваць часовы ўрад!

Барэновіч. Ня вучэце нас, малады чалавек, каго падтрымліваць! Ніколя! (Выходзіць).

Прахайла. Да-с! Мы ведаем, каго падтрымліваць! (Выходзіць за Барэновічам).

Лапцэвіч (да Генадзія). Што рабіць? Выклікаць міліцыю, бараніць фальваркі?

Генадзі. Нічога не паможа, галубчык! Я чытаю гісторыю францускай рэволюцыі…

Лапцэвіч. Ну і што? Што там вычыталі?

Генадзі. Нічога добрага, гаспадзін камісар!

Лапцэвіч. Гэта мы і самі ведаем! (Выходзіць у бок мітынгу).

Генадзі (сам). А лісьць чырванее і чырванее… восень сыпецца на галаву!