Перайсці да зместу

Старонка:Каля тэрасы (1929).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Манюня. Я думала, што мяне слухалі толькі старажытныя портрэты ў залі!

Барыка. Аж тут жывы матрос! А скажэце, навучыць іграць вы змаглі-б?

Манюня. Іграць на роялі? Я ня ведаю, ня вучыла дагэтуль…

Барыка. Каб прышлося… Тацяну, напрыклад, што тут жыве?

Манюня. Тацяну? Яна слаўная, яе з ахвотай… А што яна ваша…

Барыка. Нявеста. Хоць нядаўна пазнаёміўся з ёю… Яна гаварыла пра вас, таксама хваліла.

Манюня. Ну, я…

Барыка. Такія, як вы, могуць застацца жыць нават пасьля рэволюцыі, нават патрэбны!

Манюня. Нават? А іншыя? Хто не „такія“?

Барыка. Далоў з жыцьця!

Манюня. А калі і тыя захочуць жыць?

Барыка. Ясна, што захочуць! Прыдзецца біцца з імі!

Манюня. А хто-ж гэта, „такія, як я“?

Барыка. Хто можа і хоча перадаць нам вашае культурнае жыцьцё.

Манюня. Культуру? Вам?

Барыка (з запалам). Так! Вы ня ведаеце, як мы любім, як шануем вось музыку, іншае там! Мы зробім так, што вашую ігру будуць слухаць сотні, тысячы! Усе будуць працаваць, але лёгка, павольна, па сваіх здольнасьцях.

Манюня. Соцыялізм?

Барыка. І ўсім хопіць сонца і садоў, і кветак! Трэба толькі зразумець, на момант адчуць, паненачка…

Манюня. Я завуся Мар‘я…

Барыка. Ну, Мар‘я, Манюня, — усё роўна! У сэрцы трэба адчуць, ці каля яго, ня ведаю, што кожнаму хочацца жыць добра, прыгожа…

ЗЬЯВА XIV
Тыя-ж, Мікола з аднаго боку і Тацяна з другога

Тацяна. Пётра, вы яшчэ тут?

Мікола. Ха-ха-ха! Жыць прыгожа захацелася! Добрая агітацыя вядзецца і мусіць па загаду матроскага камітэту з „Аўроры“?!