Перайсці да зместу

Старонка:Каля тэрасы (1929).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Софі. Манюня ўся цягнецца да „прастаты“, да пэйзанства, да мужыцтва.

Барэновіч. Ну, Тацяна, яна граматная, яна добра граматная. Ннда… Каб яе бацька, ннда… садоўнік Гнат… памёр раней, ёй было-б лепей… ннда…

Манюня. Гэта чаму-ж, не разумею, дзядзя?

Барэновіч. Тады можна было-б аддаць яе вучыць далей, а Гнат не хацеў, ннда… Словам, ннда, Манюня, гэта нішто, калі ты пасябравалася з ёю, ннда…

Генадзі. Тата, праўда, што яе маці была надзвычайна прыгожай кабетай?

Барановіч. Яе маці… дваццаць гадоў назад… ннда… пажалуй, ннда, паколькі можа быць „прыгожай“ жанчына з вечна бруднымі ад зямлі нагамі, ннда. А? Што, Соф‘я Пятроўна? Як ваш аўторытэтны погляд.

Софі. Я не ўяўляю сабе жанчыны, ну, дамы з бруднымі нагамі…

Мікола. Розна бывае! Розна бывае, „цётачка“!

Манюня. А я ўяўляю сабе жанчын ня толькі з такімі нагамі, але…

Генадзі. І з рукамі, Манюня?

Манюня. І з рукамі, і з душой, Генадзі.

Мікола. Чорная „душа“ пры вогненых валасох — вось гэта я разумею. Гэта шык!

Барэновіч. Ніколя, я-б спыніў цябе, але ты ўвесь у мяне, як я быў малады. Баррэн! Баррэн! Француская кроў!

ЗЬЯВА VIII
Тыя-ж і а. Іона

Усе (апрача Манюні, Софі). Айцец Іона, проша!

Іона. Іду і чую „кроў, кроў“! Сказана — „і пійце ад яе ўсі, сія бо есьць кроў мая новага завету, за вы і за многае зьліваемая!“

Мікола. Ха-ха!.. Тут была гутарка зусім аб іншай крыві, бацюшка!

Іона. Ісьціна адзіна, сын мой! Ну, як жывяце, Васілі Генадзевіч? Чуў, што госьці ў вас?

Барэновіч. Ннда! Знаёмцеся, супруга брата майго стрыечнага, Соф‘я Пятроўна, і дачка яго — Мар‘я Андрэеўна, Манюня Баррэновіч!