Іона. Высокая ступеня прыемнасьці! Дзіўны справы твае госпадзі! У такой маладой мамашы і такая, яко грозьдзь вінаградная, дасьпелая дачка!
Софі. Манюня — дачка майго мужа, а я ёй мачыха.
Іона. Ааа… і ўсё-ж дзіўны справы твае, госпадзі! Вось у нас, у нашым духоўным званіі па другому разу не абвянчаешся. Прэбывай у вялікім пасту!
Генадзі. А як-жа ксяндзы?
Іона. Ну… Ха-ха-ха!
Манюня. Пайду да Танічкі.
Генадзі. Можна мне праводзіць кузіну?
Манюня. Калі ласка!
Софі. А дзе жыве ваша Тацяна?
Генадзі. У канцы маладога саду, за дарогай.
Мікола. Ты-б застаўся, Генадзі.
Генадзі. Я?
Мікола. Хаця ідзі, ідзі! Ад цябе тут карысьці мала.
Барэновіч. Нда, нда. Ніколя — увесь у мяне!
Іона. Як і падабае добраму сыну.
Мікола. А дзе-ж ваш сын, бацюшка?
Іона. Вася? Зьбіраўся прысьці да вас, зьбіраўся… Але ці ўсочыць айцец за сынам у наш час. Муж жану не абрэце на ложы сваем, а ня тое што… Паверыце, Васілі Генадзевіч, за гэтыя поўгода народ да таго разбэсьціўся! Моладзь гару пачынае браць. А куды можа прывесьці моладзь?
Барэновіч. Ннда. Псыхічныя цэнтры яшчэ не ўсталяваны, не організаваны, як кажа псыхалёгія, нда, нда…
Іона. У тым і бяда, Васілі Генадзевіч, што цэнтры якраз добра ўсталяваны ў іх і організаваны! А толькі гады іхныя…
Мікола. Справа не ў гадох, бацюшка! Я малады, праўда?
Іона. Яко Давід прэд Саулам.
Мікола. Так вось. А погляды мае адпавядаюць хутчэй чыну, як гадом.
Барэновіч. Сталыя ў Ніколя погляды, бацюшка! Увесь у мяне Ніколя. Нда!
Мікола. Ну, папаша, поглядаў яшчэ мала. Трэба мець волю бараніць іх, праводзіць у жыцьцё сваё тое, што ты лічыш сваім…
Іона. Правільна!