ЗЬЯВА VI
Манюня і Мікола
Манюня. Добры дзень, Соф‘я Пятроўна! А татка ня прыехаў з гораду?
Софі (холадна). Дзень добры, Манюня. Папа ня прыехаў, заняты.
Мікола. Як маецеся, Соф‘я Пятроўна. (Цалуе руку).
Софі. Мэрсі. Манюня, як ты сябе адчуваеш? Бачу, што добра. Дзе-ж старэйшы кузэн?
ЗЬЯВА VII
Тыя-ж і Генадзі
Манюня. А вось ён.
Генадзі. Добры дзень, цёця Соф‘я Пятроўна.
Мікола. Я-б на месцы Соф‘і Пятроўны пакрыўдзіўся за, „цёцю“…
Барэновіч. Што ты, Ніколя, чаму?
Генадзі. Я не хацеў… (цалуе руку).
Софі (да Міколы). Вам-бы я не даравала, а Генадзію…
Манюня. Генадзі шчыра сказаў.
Барэновіч. Манюня мае рацыю. Наш Генадзі…
Мікола. Ды бярэце сабе гэтага сьвятошу, калі ласка. Цалуйце яго, Манюня, цалуйце… (Прыцягвае Генадзія да Манюні).
Генадзі. Кінь, Мікола, кінь!
Барэновіч. Ніколя, я забараняю.
Манюня. І пацалую Генадзія, а ня вас. (Цалуе Генадзія).
Барэновіч. Ннда, Манюня! Ннда, ннда!
Софі. Манюня — ты прогрэсуеш! Паветра тут, у „Ліпках“, робіць цябе зусім незалежнай і сьмелай!
Манюня. Такой мяне выхаваў мой татка, я дзякую яму.
Софі. Ну, вядома — ня мне!
Барэновіч. Генадзі, што новага ў нас у маёнтку?
Генадзі. Прышоў Сысой, дзядзька Тацяны.
Барэновіч. Сысой? Які Сысой? Аа… ннда, брат яе… яе нябожчыцы-маткі… ннда.
Манюня. А мы пасябраваліся з Тацянай — слаўная дзяўчына, такая простая, ясная…
Мікола. Ну, ня зусім простая і ясная…