Перайсці да зместу

Старонка:Каля тэрасы (1929).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА IV
Мікола, Манюня і Тацяна

Манюня. Знаёмцеся, грамадзянін Мікола, — грамадзянка Тацяна…

Тацяна (крыху саромліва, але ясна). Мы знаёмы з паніч… з Міколам Васілевічам…

Мікола. Танечка! Як ты вырасла, расьцьвіла, закрасавала…

Тацяна (успыхнуўшы). Вам так здалося.

Манюня. Дзіўна! Вы яго на „вы“, а ён вас на „ты“… Цяпер…

Мікола. Свабода, роўнасьць, брацтва! Революцыянэрка мая кузіна! А мы з Танечкай лепш будзем і не на не на „вы“, а на „мы“ — праўда, Танечка?

Тацяна. Я вырасла, Мікола Васілевіч.

Манюня. Ну, вы разьбірайцеся ў вашых адносінах, — бачу — вы даўно знаёмы, а я пайду сыграю што-небудзь.

Мікола. Кузіна Манюня так захапляецца музыкай, што я не адважваюся яе спыніць.

Манюня. Я іграю, каб хоць музыкай прымаць удзел у жыцьці… хоць гукамі рояля… (Зьнікае).

Мікола. Так… Ах, так, Танечка… Прабачайце Тацяна… э-э…

Тацяна. Майго тату звалі Гнат, калі вам так хочацца…

Мікола. Так, так, Гнат! Ах, галава! Вось што значыць фронт, Танечка. Я-ж контужаны.

Тацяна. Я чула… Вы нешта хацелі сказаць…

Мікола. Ах, так. Толькі што пытаўся цябе… вас… дзядзя, дзядзька нейкі.

Тацяна. Дзядзя Сысой? Ён тут? Вярнуўся з фронту? Куды-ж ён пайшоў?

Мікола. Яго праводзіў Генадзі, не клапаціся, Танечка…

Тацяна. Я пайду.

Мікола (азірнуўшыся. Чуваць акорды). А маліньнічак памятаеш, Танечка? А гаёк на могілках?..

Тацяна. Мікола… (Хоча ісьці, ён заступае дарогу).

Мікола (з запалам). Заві мяне так… памятаеш, каля кладкі, як купацца ішла, такая саромлівая… вочкі ў зямлю…