Старонка:Казкі (1928).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на паляваньне. Зарэзаў панін сын вала, абяліў яго, палажыў у кацёл і стаў варыць. Як зварылася мяса, як трэба, тады ён лёг адпачываць, чакаючы таварышоў. Аж чуець — нехта стукаець у дзьверы. — Адчыні хату! — крычыць.

Глянуў панін сын праз вакно і абамлеў — так спужаўся. Стаіць страшыдла — сам-Скокаць, барада з локаць, а нос з сажань.

— Адчыні дзьверы! — ўзноў крычыць. Нечага рабіць, адчыняе панін сын дзьверы.

— Перасадзі цераз парог! — Дрыжыць, а перасаджвае.

— Уссадзі на лаву! — Садзіць.

— Давай піць і есьці! — Падаець.

Сам-Скокаць паеў усё; паеў, зьбіў панінага сына на горкі яблык, падкінуў пад лаву, а сам як скрозь землю праваліўся. Усьцягнуўся панін сын на пасьцель, ляжыць, чуць дышыць. Прышлі яго таварышы з паляваньня — няма чаго есьці,

— Што-ж ты, — кажуць, — панская морда, нічога не наварыў?

— Саўсім, кажа, быў нездароў і цяпер чуць дыхаю. Нечага рабіць — мусілі яны самі сабе есьці гатаваць. Яшчэ і яго накармілі.

На заўтрашні дзень застаўся варыць есьці кухарыхін сын, а тыя пайшлі на паляваньне. Толькі кухарыхін сын прыгатаваў яду, аж ужо стукаець Сам-Скокаць, барада з локаць, а нос з сажань, і крычыць: „адчыні дзьверы, перасадзі цераз парог, уссадзі на лаву“. Спужаўся і кухарыхін сын — адчыніў дзьверы, перасадзіў цераз парог, ўссадзіў на лаву гэтае страшыдла, а сам стаіць і трасецца.

„Давай мне есьці!“ крычыць Сам-Скокаць. Падаў яму і есьці. Зьеў усё Сам-Скокаць, а кухарыхіна сына зьбіў на горкі яблык і сам зьнік.