Старонка:Казкі (1928).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мазь выліў, каня забіў, усё праз праклятага дзятла. Во каб яго папасьці, помніў-бы ён!“

А дзяцел паляцеў у мужыкову хату. Мужыкова жонка хлеб расчыняла, а нагой дзіця калыхала. Глянула баба — бачыць дзяцел клюець дзіця. „Ах, каб ты выдах!“ закрычала яна і троп! палонікам; але не па дзятлу ды па дзяцёнку. Забіла дзяцёнка. Злосьць узяла яе на дзятла, кінулася яго лавіць: Злавіла такі — і гаршчком закрыла. Стала прыдумваць, якую дзятлу сьмерць зрабіць? Аж тут надходзіць яе мужык, ідзець і плачаць. Чаго ты плачаш?“ пытае яна ў яго. Так і так, расказвае ён ёй.

— А я-ж хоць дзіця забіла, але праклятага дзятла злавіла, — кажа яму баба.

— Пакажы яго, я яго жыўцом зьем, кажа мужык.

Падняў мужык гаршчок, узяў дзятла ў рукі: „Я цябе зьем, гад ты!“ — і горла разявіў. А дзяцел пурх! яму ў рот, а з рота ў жывот пралез. Трапечацца ў жываце. Ня ведае мужык, што яму рабіць: баліць жывот — дзяўбе там дзяцел; і на двары хадзіць не дае, за зад кусае. І няма як яго адтуль выдабыць: Але такі надумаўся мужык. „Хадзі-тка ты сюды, баба! — кажа ён жонцы: бяры касу ў рукі і як толькі дзяцел пакажаць галаву — рэж яго касой“. Узяла баба касу, глядзіць прытка, пільнуець дзятла. А ён пакажаць галаву ды і ўзноў барджэй схаваецца, як-бы з імі дражніцца. Высунуў ён такі нос — баба шась касой. „А-я-яй!“ заенчыў мужык: баба яму зад адрэзала, а дзяцел жывюсенькі выляцеў.