Старонка:З пушкі на Луну.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Не гледзячы на тое, што падпіска ішла не на пазыку з умовай вярнуць калі-небудзь грошы і да таго часу штогод плаціць за іх процанты, а стаяла пытанне аб прыёме беззваротнай дапамогі, г. зн. аб бескарыслівых у поўным сэнсе гэтага слова афяраваннях, такога поспеху гэтай падпіскі ніхто не чакаў: ні Барбікен, ні члены Пушачнага клуба.

Аказалася, што праект Барбікена і справа Пушачнага клуба зацікавілі не толькі амерыканскіх янкі. Весткі аб праекце даўно пераляцелі цераз Атлантычны і Вялікі акіяны, пранікнуўшы адначасова ў Еўропу, Азію, Афрыку і Аўстралію. Астранамічная абсерваторыя Злучаных Штатаў афіцыйна паведаміла абсерваторыям Старога Свету аб задуманым доследзе — перакінуць на Луну зямное цела накшталт вялікага пушачнага снарада. Многія абсерваторыі, а іменна: парыжская, пулкаўская, капская, берлінская, альтонская, стакгольмская, гамбургская, будапешцкая, балонская, мальтыйская, лісабонская, бенарэская і нават пекінская, — адразу адклікнуліся на гэта паведамленне, прыслаўшы Пушачнаму клубу свае віншаванні і пажаданні поспеху; астатнія палічылі за лепшае спакойна пачакаць рэзультатаў доследа.

Старадаўняя славутая Грынвічская абсерваторыя ў Англіі аднеслася да праекта Барбікена адмоўна, смела сцвярджаючы, што дослед асуджаны на поўную няўдачу. Да гэтай думкі далучыліся і астатнія дваццаць дзве абсерваторыі Англіі. Але гэта была чыстая англійская зайздрасць да Злучаных Штатаў, нешта накшталт асабістых адносін Ніколя да Барбікена.

Увогуле-ж справа Барбікена сустрэла зычлівае спачуванне вучонага свету і ўзбудзіла даволі вя-