Старонка:З пушкі на Луну.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прадсказалі, што Фларыда не вытрымае стрэлу калумбіяды.

— Вас саміх, усю вашу Фларыду ўзарве! — крычалі яны, трасучы кулакамі праз адчыненыя вокны адыходзячага поезда.

— Ну, і хай узарве! — адказвалі фларыдцы з халоднасцю і лаканізмам, вартым герояў старажытнасці.


РАЗДЗЕЛ ХІ

Па ўсяму свету

Усе пытанні — астранамічныя, геаграфічныя і тэхнічныя — адносна ажыццяўлення праекта Барбікена былі вырашаны, акрамя аднаго — грашовага. Для выканання справы Пушачнага клуба патрабавалася вялікая сума грошай. Нельга было разлічваць на якую-небудзь адну асобу, нават на адну дзяржаву, каб атрымаць неабходныя для поспеху, справы мільёны.

Таму Барбікен вырашыў не зварочваць увагі на вузка-нацыянальнае самалюбства. Ён ясна зразумеў, што пытанне аб калумбіядзе трэба ператварыць з вузка-амерыканската ў міжнароднае, г. зн. звярнуцца да ўсіх дзяржаў з просьбай аб фінансавым удзеле ў справе Пушачнага клуба.

Сапраўды, кожная дзяржава на зямлі магла лічыць сваім правам, калі не абавязкам, прыняць удзел у гэтым своеасаблівым паходзе на спадарожніка Зямлі. Таму адкрытая ў Бальтыморы падпіска на справу Пушачнага клуба распаўсюдзілася па ўсяму свету.