Старонка:З пушкі на Луну.pdf/419

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што ў іх могуць быць разрывы, якія пагражаюць пагібеллю для іх пасажыраў[1].

Мастон, Блемсберы-брат, інжынер Мерчызон, не думаючы пра небяспеку, занялі месцы ў падводных камерах; капітан размясціўся на мосціку, назіраючы за аперацыяй.

Вінт карвета быў выключаны; уся сіла машыны магла хутка выцягнуць апараты на палубу.

Спуск пачаўся ў 1 гадз. 25 мін. дня; камера, ацяжараная рэзервуарамі, поўнымі вады, знікла пад хвалямі акіяна.

Цяпер хваляванне афіцэраў і матросаў, так сказаць, раздвоілася: хваляваліся і па прычыне вязняў у снарадзе, і па прычыне вязняў у падводным каўпаку.

Самі-ж яны зусім забылі пра ўласную небяспеку і, прыліпнуўшы да акон камеры, пільна ўглядаліся ў вадзяныя масы, праз якія апускаліся на дно акіяна.

Спуск закончыўся надзвычай хутка.

У 2 гадзіны 17 мінут Мастон і два яго спадарожнікі дасягнулі дна Ціхага акіяна.

Але яны нічога не ўбачылі, акрамя бясплоднай пустыні, якую не ажыўлялі ні марская флора, ні марская фауна. Пры святле лямп, забяспечаных сільнымі рэфлектарамі, яны маглі бачыць цёмныя слаі вады на абшырнай прасторы. Снарад нідзе яшчэ пакуль што не знайшлі.

Немагчыма перадаць, якая нецярплівасць мучала гэтых адважных вадалазаў.

Снарад меў электрычныя зносіны з карветам.

  1. Тут дапушчана яўнае пераўвелічэнне той глыбіні, на якую можа быць спушчаны вадзяны каўпак з людзьмі (не больш поўсотні метраў).