Старонка:З пушкі на Луну.pdf/418

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ражную і з хваляваннем праводзіла вачыма адплываючых.

Карвет быстра, поўным ходам панёсся па хвалях.

Не будзем перадаваць усіх гутарак між афіцэрамі, матросамі і пасажырамі. Гаварылі аб адным, думалі аб адным, хваляваліся адным: што робіцца з Барбікенам і яго таварышамі? Жывыя яны ці мёртвыя? Мучацца ці ўжо супакоіліся?..

23 снежня, а восьмай гадзіне раніцы, карвет павінен быў прыбыць на прызначанае месца; трэба было чакаць паўдня для таго, каб зрабіць правільнае вызначэнне месца. Буя, да якога быў прымацаваны кабель, яшчэ не ўбачылі.

А поўдні капітан Блемсберы, з дапамогаю сваіх афіцэраў, правяраючых назіранні, вызначыў мясцовасць у прысутнасці дэлегатаў Пушачнага клуба.

Цяжкая хвіліна!

Карвет быў усяго за некалькі кілометраў ад месца, дзе снарад упаў у ваду, к захаду.

Адразу-ж рушылі па гэтаму напрамку.

А поўдні і сорак сем мінут убачылі буй. Ён быў цалкам спраўны, і яго амаль не знесла з месца.

— Нарэшце! — крыкнуў Мастон.

— Што-ж, пачынаць? — запытаў капітан Блемсберы.

— Не трацце ні секунды, — адказаў Мастон.

Прыняты былі ўсе меры для таго, каб карвет трымаўся на вадзе нерухома.

Перш за ўсё патрабавалася даведацца, дзе іменна ляжыць снарад. Падводныя камеры, забяспечаныя паветрам, былі спушчаны.

На 6 000 метраў пад паверхняй вады і пад значным ціскам гэтыя апараты былі небяспечныя, таму