Старонка:З пушкі на Луну.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

28° паўночнай шыраты і не паўднёвей, чым 28° паўднёвай шыраты; толькі ў такіх месцах можна страляць у напрамку, перпендыкулярным да гарызонта, і тады ядро хутчэй вызваліцца ад уплыву зямнога прыцяжэння, чым пры ўсякім іншым кірунку палёту.

Гэта было ўказанне вельмі істотнае для забеспячэння поспеху барбікенаўскай справы, і грамадская думка клапацілася аб найлепшым выбары месца для ўстаноўкі будучай пушкі.

Адносна агульнага выгляду лініі, апісваемай цэнтрам Луны пры абарачэнні яе вакол Зямлі, пасля пісьма Кембрыджскай абсерваторыі і газетных яго растлумачэнняў кожны янкі паўтараў, што Луна рухаецца вакол Зямлі не па кругу, а па эліпсу, і Зямля знаходзіцца не ў цэнтры гэтага эліпса, а ў адным з яго фокусаў.

Іншыя планеты і іх спадарожнікі таксама рухаюцца па эліптычных арбітах. Тэарэтычная механіка даказвае, што іначай і быць не можа.

Таксама добра было засвоена, што «апагей» — гэта пункт луннай арбіты, найбольш аддалены ад Зямлі, і што Луна бліжэй за ўсё да Зямлі, калі яна праходзіць праз свой «перыгей». Пра ўсё гэта кожны янкі, воляй ці няволяй, даведваўся калі не з падручнікаў і кніг, то з газет ці ад знаёмых. У гарачы час усеагульнага захаплення барбікенаўскім праектам лічылася проста непрыстойным не ведаць такіх рэчаў.

Увогуле Луна набыла велізарную папулярнасць сярод насельніцтва Злучаных Штатаў, і ўся ганарлівасць сапраўдных янкі сканцэнтравалася на адной мэце: заваяваць лунны мацярык і паставіць зорны сцяг Злучаных Штатаў на найвышэйшай яго вяршыні.