Старонка:З пушкі на Луну.pdf/307

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вось што, — сказаў капітан, — на Луну ляцець вельмі прыемна, але як мы вернемся назад?

Таварышы глянулі на яго са здзіўленнем.

— Як вас разумець, Ніколь? — важна спытаў Барбікен.

— Гаварыць аб звароце з краіны, у якую яшчэ не прыляцелі, мне здаецца зусім недарэчы, — дадаў Мішэль.

— Я, вядома, не з тым кажу гэта, каб адступаць ад пачатай справы, — засупярэчыў Ніколь, — мне проста цікава ведаць, якім чынам мы вернемся.

— Я гэтага не ведаю, — сказаў Барбікен.

— А я, — сказаў Мішэль, — калі-б і ведаў, то ні за што не вярнуўся-б.

— Вось гэта адказ! — усклікнуў Ніколь.

— Я яго ўхваляю, — сказаў Барбікен. — І дадам з свайго боку, што пытанне ваша ў сучасную хвіліну не мае ніякага інтарэсу. Пазней, бадай, калі знойдзем, што прышоў час вяртацца, то і падумаем аб гэтым. Калі калумбіяды там не будзе, то снарад усё-ж застанецца з намі.

— Ну, у гэтым яшчэ мала ўцешлівага! Куля без ружжа!

— Ружжо заўсёды можна зрабіць, — засупярэчыў Барбікен, — порах таксама: ні ў металах, ні ў селітры, ні ў вугалі не можа быць недахопу ў нетрах Луны. Каб вярнуцца, трэба перамагчы толькі луннае прыцяжэнне, якое значна меншае за зямное: дастаткова будзе падняцца над Луной на адлегласць якіх-небудзь трыццаці тысяч кілометраў, каб затым, па законах цягацення, упасці на Зямлю.

— Даволі, — сказаў Мішэль, натхняючыся. — Каб і размовы больш не было пра зварот! Мы ўжо