Старонка:З пушкі на Луну.pdf/306

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтыя рэчы, разам з ядром, здаваліся такімі нерухомымі, як быццам ляжалі на зямлі.

— Ведаеце, сябры мае, — сказаў Ардан, — калі-б хаця адзін з нас не перанёс таго штуршка, якім нас пачаставаў снарад пры вылеце з калумбіяды, то было-б вельмі сумна яго хаваць, ці, дакладней кажучы, кінуць у прастору! Труп нябожчыка праследаваў-бы нас, як пакуты сумлення.

— Так, нявесела, — адказаў Ніколь.

— Ах! — ускрыкнуў Мішэль. — Аднаго шкадую, што нельга цяпер прайсціся! Якая-б асалода плаваць у гэтай прамяністай прасторы, лунаць у сонечных праменнях! О, калі-б толькі Барбікен узяў з сабою каучукавую фуфайку ды паветраны насос, я адважыўся-б высунуцца з ядра… Я стаў-бы на яго нагою — у выглядзе статуі «Хімеры»…

— Эх, мілы Мішэль, — сказаў Барбікен, — нядоўга-б ты быў статуяй, таму што, не гледзячы на гэту фуфайку, ты лопнуў-бы, як граната ці паветраны шар, які падняўся занадта высока. Пакуль мы будзем плаваць у гэтай беспаветранай прасторы, табе давядзецца адмовіцца ад усякіх сантыментальных пагулянак!

Ардан згадзіўся, што гэта было-б справай цяжкой, але не немагчымай — слова «немагчыма» ён ніколі не прызнаваў.

Ажыўленая гутарка пераходзіла з аднаго прадмета на другі і не спынялася ні на хвіліну.

Тром прыяцелям здавалася, што розныя ідэі растуць у іх, як маладое лісце пад праменнямі вясенняга сонца.

Між мноствам пытанняў і адказаў, абмеркаваных за гэту раніцу, Ніколь прапанаваў адно, на якое ніхто не даў простага вырашэння.