Старонка:З пушкі на Луну.pdf/252

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ды таму, што калі ты і выйграеш, значыцца, калумбіяду разарве, а з ёй і снарад… Але тады як-жа Барбікен умудрыцца заплаціць табе пройгрыш?

— Мая стаўка пакладзена ў Балтыморскі банк, — умяшаўся Барбікен, — і калі Ніколя разарве ў прасторы, грошы астануцца яго наследнікам.

— Фу ты, што за практычныя людзі! — ускрыкнуў Ардан. — Дзіўлюся з вас, але не разумею вас!

— Сорак дзве мінуты адзінаццатай! — сказаў Ніколь.

— Застаецца ўсяго пяць мінут, — сказаў Барбікен.

— Так, усяго толькі пяць мінутачак! — усклікнуў Мішэль Ардан. — І вось мы закупораны ў ядры, на дне пушкі ў трыста метраў! І пад гэтым ядром паўтараста тон піраксіліна. І прыяцель наш Мерчызон, з хранометрам у руцэ, утаропіўся цяпер на стрэлку, паклаў палец на электрычны апарат, лічыць секунды і рыхтуецца швырнуць нас у міжпланетную прастору.

— Будзе, Мішэль, пакінь смяяцца! — сказаў Барбікен сур’ёзна, — усяго некалькі секунд засталося… Давайце руку, прыяцелі!

— Так, так, усяго некалькі секунд, — прагаварыў Ардан, прычым больш захваляваўся, чым гэтага жадаў.

Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі.

Ардан і Ніколь ляглі на сенніках.

— Дзесяць гадзін сорак шэсць мінут! — прашаптаў Ніколь.

Засталося ўсяго сорак секунд.

Барбікен праворна патушыў газ і лёг каля таварышоў.

Ціша парушалася толькі стукам хранометра.