Старонка:З пушкі на Луну.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Нарэшце, — чаго ўжо ніяк не мог перанесці Ардан, — амерыканцы на гэтыя паядынкі бяруць часам сваіх паляўнічых сабак, і тады кожны праціўнік, з’яўляючыся адначасова і паляўнічым і дзічынаю, цэлымі гадзінамі высочвае другога па ўсіх правілах паляўнічага майстэрства.

— Чэрці вы, а не людзі! — усклікнуў Мішэль, калі Мастон закончыў сваё вобразнае і энергічнае апісанне карціны гэтай амерыканскай дуэлі.

— Ужо якія ёсць… — скромна адказаў Мастон. — Аднак, трэба спяшацца!..

Але як яны не спяшаліся, пайшоўшы нацянькі цераз поле, яшчэ мокрае ад расы, цераз равы, пераскокваючы цераз ручаі, — яны дайшлі да лесу толькі к палове шостай. Значыцца, Барбікен ужо цэлыя поўгадзіны быў у лесе.

На ўзлеску працаваў стары дрывасек, звязваючы пасечаныя дровы. Мастон падбег да яго, крычучы:

— Ці не бачылі вы, як у лес увайшоў чалавек са стрэльбаю? Барбікен, старшыня… мой лепшы друг…

Паважаны сакратар Пушачнага клуба прастадушна думаў, што ўсе ў Амерыцы ведаюць яго старшыню. Аднак, твар дрывасека не пацвярджаў яго меркаванняў.

— Паляўнічага! Са стрэльбаю! — паясніў тады Ардан.

— Паляўнічага? Так, паляўнічага бачыў, — адказаў дрывасек.

— Даўно?

— Ды з гадзіну будзе.

— Спазніліся! — роспачна ўсклікнуў Мастон.

— Ну, а страляніну чулі? — запытаў Ардан.

— Страляніну? Не, не чуў.