Старонка:З пушкі на Луну.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ніводнага стрэлу?

— Ніводнага. Відаць, дзічыны няма, ці паляўнічы няважны…

— Што-ж рабіць? Што-ж рабіць? — паўтарыў машынальна Мастон некалькі разоў.

— Што рабіць? Адзін сродак: ісці ў лес і шукаць іх, — адказаў Ардан. — Нічым не рызыкуем, акрамя таго, што могуць у нас пусціць кулю, хаця і не нам прызначаную.

— Ах, лепш-бы дзесяць куль мне ў чэрап, чым адну ў галаву Барбікена! — усклікнуў Мастон такім голасам, што шчырасці яго нельга было не паверыць.

— Калі так, то пойдзем! — моцна паціскаючы руку таварышу, усклікнуў у адказ Ардан.

Праз некалькі секунд абодва прыяцелі ўжо зніклі ў лесе. Гэта быў гушчар кіпарысаў-веліканаў, клёну, тульпанавага дрэва, тамарындаў, алівы, дубу і магнолій. Дрэвы раслі так блізка адно каля аднаго, што іх галлё спляталася самым дзівосным чынам, і праз яго нічога не было відаць нават за некалькі крокаў. Доўга не сустракалі ніводнай прагаліны.

Мішэль Ардан і Мастон ішлі поруч, маўкліва пераступаючы цераз высокую траву. Раз-по-разу даводзілася з вялікімі цяжкасцямі пракладваць сабе дарогу праз магутныя ліяны, пільна ўглядаючыся ў кусты і сплеценае галлё, чакаючы на кожным кроку страшнага гуку стрэла са стрэльбы.

Індзеец можа змог-бы адшукаць сляды, якія павінен быў пакінуць Барбікен, прабіраючыся праз лес, — месцамі былі і сцежкі, слаба бачныя і хутка знікаючыя, — але Ардан і Мастон ішлі наўздагад, навослеп, ледзь прабіраючыся па немагчыма цяжкаму шляху.