Старонка:З пушкі на Луну.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

беглі з горада ў прадмесце і адтуль — у лес Скрэсно.

У час гэтага паспешнага бегу Мастон паспеў растлумачыць Ардану сапраўднае становішча рэчаў. Ён расказаў, хто такі капітан Ніколь, пра яго даўняе саперніцтва і варожасць да Барбікена, і чаму яны, Барбікен і Ніколь, дзякуючы захадам сваіх прыяцеляў, ні разу да гэтага часу не сустракаліся. Мастон дадаў, што асабістых адносін у сапернікаў ніколі не было, і ўся іх варожасць вырасла з прафесіянальнага саперніцтва, з саперніцтва між ядром і броняй. Сцэна на мітынгу была толькі зачэпкай для Ніколя, каб палічыцца за даўняе з Барбікенам.

Мішэля Ардана асабліва абуралі ўмовы амерыканскай дуэлі.

І сапраўды, цяжка прыдумаць што-небудзь больш жахлівае. Калі наогул жахліва, што два чалавекі свядома маюць намер забіць адзін аднаго, то яшчэ больш агідна, што іх паядынак ператвараецца ў паляванне на дзікага звера. Праціўнікі чакаюць адзін аднаго, схаваўшыся за якое-небудзь дрэва ці крадучыся між кустамі, і стараюцца напасці знянацку, перш чым праціўнік заўважыць.

Тут відавочна пераемнасць ад нораваў ранейшых чырвонаскурых, ад іх спосабаў вайны. Для поспеху ў амерыканскай дуэлі патрэбны іменна дзіўныя якасці чырвонаскурых: незвычайная вастрыня іх зроку і слыху, іх здрадлівая хітрасць, надзвычайнае ўменне высочваць і «чуць» ворага. Неабходна таксама і быстрая індзейская кемлівасць у гэтым «паляванні», бо найменшая памылка, несвоечасовы паварот, лішні крок могуць закончыцца смерцю.