Старонка:З пушкі на Луну.pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сім дакладны выраз, таму што амерыканскія пасцелі па мяккасці і выгоднасці больш падобны на мрамарныя ці гранітныя пліты, чым на добра ўпарадкаваныя еўрапейскія ложкі.

Таму, не гледзячы на ўсю сваю стомленасць, Ардан спаў даволі кепска, усё варочаўся з боку на бок між прасцінамі, размер якіх быў крыху большы за вялікія сарвэткі. Ардан заракаўся, што у сваім будучым снарадзе ён зробіць мяккенькую і зусім выгодную пасцельку. Раптам праз сон пачуўся неймаверны шум — бесперапынны стук у дзверы; стукалі нібы нейкім інструментам. Да гэтага, безумоўна вельмі ранняга, стуку далучыліся гучныя крыкі.

— Адамкні! — крычалі з карыдора. — Хутчэй адамкні!

Ардан вельмі неахвотна згадзіўся на гэту дзіўную просьбу, але ўсё-ж устаў і адамкнуў дзверы ў тую-ж хвіліну, калі яны ледзь не зляцелі з завесаў пад напорам упартага наведвальніка. У пакой, нібы бомба, уляцеў шаноўны сакратар Пушачнага клуба, Дж. Т. Мастон.

— Учора ўвечары на мітынгу, — крыкнуў, Мастон без прадмоў, — нашага старшыню публічна зняважылі! Ён выклікаў зневажальніка на дуэль, і гэты зневажальнік — не хто іншы, як капітан Ніколь. Яны сёння раніцою б’юцца ў лесе каля горада. Я аб усім даведаўся ад самога Барбікена. Калі яго заб’юць — загінула наша справа! Трэба перашкодзіць гэтай дуэлі! Але адзін толькі чалавек можа спыніць, угаварыць Барбікена, і гэты чалавек — вы, Мішэль Ардан!

Ардан не перапыняў, не распытваў Мастона. Ён адразу схапіў свае шырокія панталоны, і менш чым праз дзве хвіліны абодва прыяцелі Барбікена