Старонка:З пушкі на Луну.pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Зняважыў. Зняважыў публічна.

— І вы адкажаце за знявагу!

— Хоць зараз!

— Не. Я хачу, каб гэта засталося тайнай між намі. У трох мілях ад горада ёсць лес Скрэсно. Вы яго ведаеце?

— Ведаю.

— Ці пажадана вам зайсці ў яго з якога-небудзь боку заўтра, а пятай гадзіне раніцы?

— Так, калі толькі вы ў той-жа час увойдзеце ў гэты лес з другога боку.

— І вы не забудзеце сваёй стрэльбы? — дадаў Барбікен.

— Як і вы сваёй, — адказаў Ніколь.

Пасля гэтых слоў, сказаных зусім ледзяным тонам, Барбікен і Ніколь разышліся. Старшыня Пушачнага клуба вярнуўся дамоў, але, замест таго каб адпачыць хаця некалькі гадзін, ён прасядзеў усю ноч над вырашэннем цяжкога пытання, пастаўленага на мітынгу Мішэлем Арданам, — як знайсці спосаб аслабіць удар, які атрымае ядро пры вылеце з пушкі.


РАЗДЗЕЛ ХХ

Як француз умее ўладзіць цяжкую справу

Пакуль старшыня Пушачнага клуба і капітан Ніколь выпрацоўвалі ўмовы сваёй амерыканскай дуэлі (гэта самая страшная форма дуэлі, пры якой адзін праціўнік «палюе» за другім: высочвае яго, падкрадваецца і страляе, як у дзікага звера), Мішэль Ардан соладка спаў на сваёй пасцелі, адпачываючы ад трывог мітынга і трыумфальнага шэсця. Аднак, слова «спаў» — не зу-