Старонка:З пушкі на Луну.pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

у яе заднім, не відным для нас, паўшар’і. А адсюль, у сваю чаргу, вынікае, што галоўная маса луннага паветра і вадзяной пары — ці луннай вады — павінна была імкнуцца на процілеглы бок зямнога спадарожніка[1].

— Самая сапраўдная фантазія! — усклікнуў незнаёмы.

— Не! Самая сапраўдная тэорыя, шаноўны судар, якая непасрэдна апіраецца на асноўныя законы механікі, і я не бачу магчымасці абвергнуць такую тэорыю. А таму звяртаюся да ўсіх слухачоў, — яшчэ гучней усклікнуў Ардан, — і прашу прагаласаваць пытанне: ці магчыма на Луне жыццё, падобнае таму, якое на Зямлі?

Доўга не заціхаўшыя апладысменты трохсот тысяч чалавек сустрэлі гэтую прапанову. Незнаёмы хацеў яшчэ гаварыць, але ніхто яго не слухаў. Градам сыпаліся на яго крыкі і пагрозы.

— Даволі, даволі!

— Ганіце яго!

— Далоў! — крычаў раззлаваны натоўп.

Але незнаёмы стаяў нерухома — толькі ўхапіўся за пярылы эстрады — і з задзёрыстым выглядам глядзеў на разбушаваную супроць яго стыхію. Невядома, чым-бы ўсё гэта скончылася, калі-б не заступіўся Мішэль Ардан. У яго быў вельмі велікадушны характар, каб пакінуць свайго саперніка безабаронным перад натоўпам. Дастаткова было Ардану ўзняць руку ў знак таго, што ён мае намер зноў гаварыць, і шматтысячны натоўп хутка змоўк.

— Можа вы жадаеце яшчэ сказаць некалькі слоў? — звярнуўся ён да незнаёмага самым ветлівым голасам.

  1. Гэта думка ў сучасны момант абвяргаецца вавукай.