Старонка:З пушкі на Луну.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Толькі не на лунных горах, з вашага дазволу! — засупярэчыў незнаёмы, які яшчэ не думаў здавацца.

— Можа на лунных горах і няма, — адказваў Ардан, — але ў далінах яна ёсць. Няхай нават яе вышыня не перавышае некалькіх сот метраў.

— Ва ўсякім выпадку раю вам прыняць некаторыя меры перасцярогі, а лепш за ўсё захапіць з сабою крыху зямнога паветра, таму што ваша луннае паветра — «у некалькі сот метраў вышынёю» — акажацца надзвычай рэдкім!

— О, мой мілы, на аднаго чалавека хопіць. К таму-ж, калі я туды дабяруся, дык буду, наколькі магчыма, эканоміць паветра: прыдзецца дыхаць толькі зрэдку — пры вялікіх аказіях…

Гучны ўсеагульны выбух смеху зазвінеў у вушах незнаёмага. Ён горда, з задзёрыстым выглядам, азірнуўся на сход.

— Так, — казаў далей Мішэль Ардан, — вы са мною згадзіліся, што на Луне ёсць некаторая атмасфера. А калі ёсць атмасфера, паветра, то павінна быць і вада — ну, хоць «некаторая» вада, г. зн. вельмі мала вады. Гэта — акалічнасць, якая мяне асабіста цешыць. Акрамя таго, мілы мой апанент, дазвольце вам паведаміць яшчэ адно меркаванне. Мы ведаем толькі адзін бок луннага шара — той, які павернуты да Зямлі, — і калі на гэтым баку вельмі мала паветра, то на другім, не відным нам, баку, паветра можа і многа.

— Гэта чаму?

— А таму, што Луна пад уплывам зямнога прыцяжэння прыняла форму яйца, якое павернута да нас сваім больш вострым канцом. З гэтым дапушчэннем не разыходзяцца вылічэнні Ганзена, якія паказваюць, што цэнтр цяжару Луны ляжыць